ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ: ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ – ШАНЕЦ ДЛЯ ЎСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ

12.12.2009, 00:02  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі каментуе вынікі ўдзелу дэлегацыі БХД у Кангрэсе буйнейшай палітычнай сілы Еўропы – Еўрапейскай Народнай Партыі.

 

- Тое, што ў рэзалюцыю Кангрэсу ЕНП было ўключана пытанне па рэгістрацыі БХД – знакавая і вельмі важная падзея для беларускай дэмакратычнай грамадскасці, - зазначыў у інтэрв’ю прэсавай службе БХД Віталь Рымашэўскі.Мы правялі шмат сустрэчаў з кіраўнікамі ЕНП – і ўсіх нашых суразмоўцаў цікавіла пытанне з рэгістрацыяй нашай партыі ў Беларусі. Заўважу, што практычна ўся палітычная эліта Еўропы зараз трымаецца хрысціянскіх каштоўнасцяў – і гэта дае сур’ёзныя падставы чакаць нейкага імпульсу развіцця хрысціянскай дэмакратыі і ўзмацнення яе не толькі ў Заходняй, але і ва Ўсходняй Еўропе. Мы, канешне ж, адчувалі сябе там вельмі камфортна, бо большасць сябраў ЕНП – хрысціянскія дэмакраты, то бок нашы аднадумцы, з якімі лёгка знайсці паразуменне і дамовіцца аб супрацы.

 

Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што “на самым высокім узроўні нам было пацверджана, што пытанне ўваходжання БХД у ЕНП са статусам назіральніка не будзе залежыць ад нерэгістрацыі альбо рэгістрацыі беларускімі ўладамі”.

 

Пры гэтым, заўважыў сустаршыня БХД, у кіраўніцтве ЕНП добра ведаюць пра сітуацыю з ціскам на актывістаў БХД.

 

- І тыя беларусы пры ўладзе, якія думаюць, што еўрапейскіх палітыкаў можна падмануць, як першакласнікаў, глыбока памыляюцца.

 

Стала больш яснай сітуацыя і па EURO-NEST PA, дакладней, па беларускім прадстаўніцтве ў Парламенцкай Асамблеі “Усходняга Партнёрства”.

 

- Зараз працоўная група ў EURO-NEST разглядае некалькі варыянтаў беларускага ўдзелу ў праграме. На шчасце, пакуль пераважае тая пазіцыя, што без беларускай апазіцыі праца Асамблеі будзе немагчымая. Мы лічым, что туды павінны ўваходзіць прадстаўнікі тых палітычных сілаў у Беларусі, якія маюць рэальную вагу ў краіне.

 

Пасля Кангрэсу ЕНП, сцвярджае Віталь Рымашэўскі, можна казаць, што “у нас ёсць добрыя хаўруснікі ў выглядзе хрысціянскіх дэмакратаў Польшчы, Літвы, Украіны”.

 

- Я лічу, што для Ўсходняй Еўропы хрысціянская дэмакратыя – гэта шанец адказу на выклікі дыктатуры і посткамунізму, якія сёння ёсць нават у Еўропе. Таму для Беларусі, для Ўкраіны, для ўсіх краін, што ўваходзяць ва “Усходняе Партнёрства”, і нават для Расеі – гэта адзіны шанец на рэальныя грунтоўныя пераўтварэнні ў грамадстве.

 

Нагадаем, “Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю” на Кангрэсе Еўрапейскай Народнай Партыі ў Боне прадстаўлялі сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі, Аляксей Шэін і Георгій Дзмітрук.

Навіны па тэме