У МЕНСКУ АДБУДЗЕЦЦА СЕМІНАР, ПРЫСВЕЧАНЫ РЭПРАДУКТЫЎНАМУ ЗДАРОЎЮ СЯМ’І

14.12.2009, 16:43  |  Навіны, Грамадства

З 18 па 20 снежня 2009 г. у Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ  адбудзецца семінар на тэму «Працяг роду ў зменлівым свеце. Сістэмныя фактары рэпрадуктыўнага здароўя сям’і». Падчас сустрэчы будуць абмеркаваны пытанні гармоніі сужэнскіх адносінаў, здаровай псіхалагічнай атмасферы ў сям’і. Асаблівае месца ў абмеркаванні зойме пытанне рэпрадуктыўнага здароўя.

 

Ладзяць мерапрыемства дабрачынны фонд абароны жыцця і сям'і «Адкрытыя сэрца» (Магілёў), грамадскае аб'яднанне Homo Amans (Масква) сумесна з Еўрапейскім Інстытутам сямейнай адукацыі.

 

Асноўныя тэмы семінара, заснаваныя на прынцыпах хрысціянскай антрапалогіі, філасофіі, этыкі, педагогікі, псіхалогіі:

 

- Сям'я як экасістэма;

- Мужчына і жанчына - псіхасаматычныя асаблівасці, пытанні самаідэнтыфікацыі;

- Нармальная фізіялогія рэпрадуктыўнай сістэмы чалавека;

- Сучасныя навуковыя і эфектыўныя метады распазнавання плоднасці ў розных сітуацыях жыцця жанчыны;

- Натуральная гармонія шлюбных адносін і экалогія рэпрадуктыўнага здароўя;

- Асновы псіхалагічнай дапамогі сем'ям;

- Прафілактыка псіхасаматычных парушэнняў;

- Мастацтва быць здаровым.

 

У семінары прымуць удзел і прадстаўнікі Рыма-каталіцкага Касцёла: кансультанты па натуральным планаванні сям’і Уладзіслаў і Алена Валаховіч з Магілёва, а таксама кіраўнік Цэнтра сям’і архідыяцэзіі Маці Божай ў Маскве сямейны псіхатэрапеўт Галіна Масленнікава і ўрач акушэр-гінеколаг Людміла Баракава з Санкт-Пецярбурга.

 

Крыніца: http://www.inst.by/

Навіны па тэме