ГЕОРГІЙ ДЗМІТРУК ЗАПРАШАЕ РЭДАКЦЫЮ БТ ДА СЯБЕ Ў ГОСЦІ

15.12.2009, 18:32  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук пракаментаваў прэсавай службе “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” сюжэт Беларускага тэлебачання, прысвечаны скандальнаму лісту “Олі, Лены і Олі”, які выйшаў у эфір у мінулую нядзелю.

 

- Выклікае радасць, канешне, цікавасць БТ да асабістага жыцця палітыкаў Беларусі. Спадзяюся, што наступны сюжэт, паводле логікі, будзе пра сям’ю Лукашэнкі. Але калі БТ сапраўды цікавіцца маім жыццём, а не займаецца распаўсюдам відавочна ілжывай інфармацыі, сфабрыкаванай у лабараторыях КДБ, то я запрашаю рэдакцыю БТ у рэальнасці наведаць маю сям’ю, паразмаўляць з маімі дзецьмі і жонкай, убачыць усё сваімі вачыма... Мы вас ужо чакаем і з задавальненнем прымем. Наліём гарбаты. І не палохайцеся, калі ласка, мы вас прабачылі. Чакаем вашага тэлефанавання па нумары 8 029 7245156.

 

З павагай, Георгій, Ірына, Касія, Марта, Мілана, Філіп і Сімона Дзмітрукі.

 

Нагадаем, 1 снежня аўдыёзапісы, што тычацца Дзмітрука, з'явіліся на адным з форумаў на партале tut.by і былі разасланыя большасці інфармацыйных рэсурсаў. "Прадстаўніцы старадаўняй прафесіі Оля, Лена і Оля" абвінавацілі Дзмітрука ў запазычанасці за нібыта аказаныя "паслугі".

 

Георгій Дзмітрук звярнуўся ў пракуратуру Кобрына,а таксама дамовіўся з незалежнымі экспертамі аб правядзенні аналізу аўдыёзапісу, распаўсюджанага ў інтэрнеце. Сустаршыня БХД лічыць з’яўленне гэтых аўдыёзапісаў справай рук супрацоўнікаў спецслужбаў, накіраванай на дыскрэдытацыю беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Навіны па тэме