У БЕЛАРУСІ БУДЗЕ СТВОРАНА КАНФЕРЭНЦЫЯ ПРАДСТАЎНІКОЎ МАНАСКІХ СУПОЛЬНАСЦЕЙ

15.12.2009, 19:37  |  Навіны, Грамадства

Падчас візіту беларускіх біскупаў у Ватыкан прынята рашэнне аб стварэнні ў Беларусі канферэнцыі прадстаўнікоў манаскіх супольнасцей.

 

Паводле прэс-сакратара Беларускай рымска-каталіцкай царквы ксяндза Аляксандра Амяльчэні, на сустрэчах беларускіх іерархаў з кіраўніцтвам кангрэгацый апостальскай сталіцы падкрэслівалася неабходнасць манаскай фармацыі менавіта ў Беларусі, а не за яе межамі. Як адзначыў ксёндз Аляксандр, абмяркоўвалася пытанне аб магчымасці стварэння ў Беларусі міжманаскай духоўнай семінарыі.

 

Удзельнікі сустрэч падкрэслілі, што манаскія супольнасці павінны браць больш актыўны ўдзел у выхаванні пакліканняў да дыяцэзіяльнага святарства. Размова ішла аб падпісанні дамоў паміж дыяцэзіяй і манаскімі супольнасцямі, якія займаюцца душпастырствам у парафіях.

 

На сустрэчах ішла гаворка пра "вялікую неабходнасць" душпастырства моладзі, студэнтаў, інтэлігенцыі і сем'яў, а таксама развіцця катэхізацыі, якая прадугледжвае фармаванне жыццёвых прынцыпаў людзей. Падкрэслівалася неабходнасць стварэння ў духоўных семінарыях сямейнай і сяброўскай атмасферы, асноўная роля духоўнага айца ў падрыхтоўцы новых святароў, засяроджвалася ўвага на адукацыі мясцовых выкладчыкаў і далучэнні семінарый да універсітэтаў, перш за ўсё рымскіх.

 

На сустрэчы з кіраўніцтвам Ватыканскага радыё госці з Беларусі выказалі спадзяванне, што праграмы радыё будуць садзейнічаць евангелізацыі і міжхрысціянскаму дыялогу ў Беларусі.

 

12 снежня арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з дзяржаўным сакратаром папы Бенедыкта XVI кардыналам Тарчызіо Бертоне і з беларускай каталіцкай моладдзю, якая вучыцца ў Рыме.

 

Візіт да апостальскіх парогаў беларускіх біскупаў у Ватыкан праводзіцца з 11 па 17 снежня. На апошні дзень візіту запланавана сустрэча іерархаў са святым айцом Бенедыктам XVI.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме