СВЕДКАМІ Ў СПРАВЕ ПАШКОДЖАННЯ ПОМНІКА ЛЕНІНУ Ў НАВАГРАДКУ СТАЛІ АФІЦЫЙНЫЯ ГІСТОРЫКІ (ФОТА)

16.12.2009, 10:03  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

15 снежня актывісту “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Юрыю Казаку было адмоўлена ў хадайніцтве аб закрыцці справы па факце пашкоджання помніка Леніну ў Наваградку. Да справы далучаныя афіцыйныя гісторыкі – дырэктары мясцовага краязнаўчага музея і музея Адама Міцкевіча, якія пацвердзілі факт “знявагі над грамадскімі інтарэсамі і гістарычнымі традыцыімі”.

 

Нагадаем, у ноч з 6 на 7 лістапада ў горадзе мясцовы помнік Леніну быў абліты зялёнай фарбай. З гэтай нагоды тады ж былі затрыманыя моладзевыя актывісты БХД. Дзеянні Казака ахарактарызаваныя як “наўмысныя, парушаючыя грамадскі парадак і вызначаныя асаблівым цынізмам”. Падлічаны і ўрон, які нанёс актывіст “з мэтай знявагі грамадскіх інтарэсаў і гістарычных традыцый, выкарыстоўваючы лакафарбавы матэрыял”. Ён склаў 3.740 рублёў.

 

Зазначым, што ўчынку Юрыя Казака следства надае характар “выключнага цынізму, бо ён актыўна супрацьпаставіў сваю асобу грамадству, праявіў яўную непавагу да нормаў паводзінаў, прынятым у ім, традыцыяў, гістарычных каштоўнасцяў грамадства”. “Бо Казак Ю.В, разлічваў менавіта на тое, што яго дзеянні выклічуць грамадскае абурэнне менавіта ў дзень свята”, - гаворыцца ў фармулёўцы справы.

 

Юрый Казак звяртаецца па дапамогу да незалежных гісторыкаў, якія маглі б вызначыць, ці сапраўды дзень Кастрычніцкага перавароту ў Расеі з’яўляецца святам, а помнік Леніну - гістарычнай каштоўнасцю для беларускага народу.

 

Частка 1-я артыкула 339 прадугледжвае пакаранне: 3 гады турмы, так званая “хімія” альбо штраф.

СВЕДКАМІ Ў СПРАВЕ ПАШКОДЖАННЯ ПОМНІКА ЛЕНІНУ Ў НАВАГРАДКУ СТАЛІ АФІЦЫЙНЫЯ ГІСТОРЫКІ (ФОТА)

Навіны па тэме