КІРАЎНІК МЗС АЎСТРЫІ: ЕС ПАВІНЕН УБАЧЫЦЬ БОЛЬШ РУХАЎ У НАПРАМКУ РЭФОРМ

18.12.2009, 15:05  |  Навіны, Палітыка

"Мы пасылаем Мінску сігналы падтрымкі, каб накіраваць на паслядоўны курс рэформ", — заявіў журналістам федэральны міністр па еўрапейскіх і міжнародных справах Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер пасля завяршэння сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым у Вене.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Аўстрыі, Шпіндэлегер адзначыў, што збліжэнне ЕС з Беларуссю "не карт-бланш, яно звязана з пэўнымі чаканнямі", якія ЕС "дакладна фармулюе". "Для доўгатэрміновага збліжэння ЕС павінен убачыць больш рухаў у напрамку рэформ", — адзначыў міністр. Паводле яго слоў, паляпшэнні асабліва неабходныя ў галіне свабоды меркавання і сходу, выбарчага заканадаўства і стаўлення да апазіцыйных партый і НДА. У гэтай сувязі ён назваў мясцовыя выбары ў красавіку 2010 года "важнай лакмусавай паперкай далейшага развіцця адносінаў".

"Партнёрства з Еўропай павінна будавацца на агульных каштоўнасцях і перакананнях, інакш яно не працуе", — заявіў кіраўнік МЗС Аўстрыі. Ён падкрэсліў, што Беларусь — апошняя еўрапейская краіна, дзе прымяняецца пакаранне смерцю.

Аўстрыйскі міністр падкрэсліў "вялікі нерастрачаны патэнцыял" двухбаковых адносінаў. "У прыватнасці, у эканамічнай галіне Беларусь — цікавы партнёр, і Вена спадзяецца, што зможа надаць імпульс развіццю гэтых сувязяў", — сказаў міністр.

Аўстрыя — адзін з найбуйнейшых замежных інвестараў у Беларусі, але, на думку аўстрыйскага бізнесу, развіццю адносінаў "перашкаджае высокая ступень бюракратыі і марудная рэалізацыя прыватызацыйных праектаў", паведамляе прэс-служба.

Шпіндэлегер з задавальненнем адзначыў, што летам было падпісана пагадненне аб адпачынку беларускіх дзяцей у аўстрыйскіх сем'ях.

Аўстрыйскае інфармагенцтва АРА прыводзіць словы міністра, які заявіў, што ЕС не чакае, што "беларускія ўлады ў найбліжэйшыя дні або тыдні зменяць стаўленне да правоў чалавека", аднак праз супрацоўніцтва з Мінскам тут удалося дасягнуць "станоўчай тэндэнцыі".

У сваю чаргу, Мартынаў указаў на "двайныя стандарты" ЕС, з-за якіх санкцыі адносна Беларусі былі прадоўжаны і прыпынены да кастрычніка 2010 года.

Беларускі міністр адзначыў "добрыя двухбаковыя адносіны ў розных галінах". Паводле яго слоў, Аўстрыя праз сваю ролю ва Усходняй Еўропе можа сур'ёзна ўплываць на адносіны Беларусі і ЕС.

Мартынаў таксама падкрэсліў, што пакаранне смерцю было ўведзена ў выніку рэферэндуму, а ўлады з 90-х гадоў праводзяць палітыку выкарыстання прыгавораў, альтэрнатыўных вышэйшай меры.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме