ПРАЙШОЎ ПАЎТОРНЫ ЎСТАНОЎЧЫ З'ЕЗД АСАЦЫЯЦЫІ "АСАМБЛЕЯ НЕДЗЯРЖАЎНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АБ'ЯДНАННЯЎ"

18.12.2009, 21:03  |  Навіны, Грамадства

У Менску 18 снежня прайшоў паўторны ўстаноўчы з'езд асацыяцыі "Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў".

Паводле старшыні рабочай групы "Асамблеі НДА" Сяргея Мацкевіча, заснавальнікі асацыяцыі засталіся ранейшымі. У іх ліку — цэнтр "Супольнасць", Цэнтр па правах чалавека, Беларускі Хельсінкскі камітэт, аб'яднанне мнагадзетных сем'яў Верхнядзвінскага раёна "Сям'я". На ўстаноўчым сходзе быў зацверджаны статут арганізацыі і прыняты дакументы, неабходныя для рэгістрацыі ў Мінюсце.

"У пачатку года, калі мы падавалі дакументы на рэгістрацыю, ва ўладаў было куды больш магчымасцяў прадэманстраваць свае добрыя намеры. Па-першае, разглядаліся варыянты ўзаемадзеяння з Еўропай. Па-другое, пастаянна агучваліся пытанні аб нашай рэгістрацыі на самым высокім узроўні. Аднак улады так і не захацелі пашырыць рамкі нашай дзейнасці. Тым не менш, мы спрабуем зарэгістравацца, паколькі хочам працаваць законна", — падкрэсліў Сяргей Мацкевіч.

Нагадаем, дакументы на рэгістрацыю асамблеі былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі Беларусі 6 сакавіка гэтага года. 9 красавіка заснавальнікі арганізацыі атрымалі афіцыйны адказ з Мінюста аб тым, што Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў не можа быць зарэгістраваная. З пункту гледжання Мінюста, устаноўчы дагавор аб стварэнні асацыяцыі з'яўляецца несапраўдным, паколькі кіраўнікі арганізацый — заснавальнікаў асамблеі падпісалі яго без згоды кіруючых органаў сваіх арганізацый. Таксама Мінюст адзначае, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, паколькі не ўтрымлівае ўказання на прадмет дзейнасці членаў асацыяцыі.

Яшчэ адной прычынай адмовы ў рэгістрацыі стала тое, што, як адзначыў Мінюст, мэты арганізацый-заснавальнікаў не супадаюць са статутнымі мэтамі асацыяцыі. У якасці доказу прыводзіцца ў прыклад грамадскае аб'яднанне "Сям'я", якое аказвае дапамогу мнагадзетным сем'ям. Адной з мэтаў асацыяцыі "Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў" з'яўляецца "садзеянне пабудове грамадзянскай супольнасці ў Беларусі".

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме