У КАПЕНГАГЕНЕ ВЫПРАЦОЎВАЮЦЬ НОВАЕ ПАГАДНЕННЕ АБ СКАРАЧЭННІ ВЫКІДАЎ ПАРНІКОВЫХ ГАЗАЎ

18.12.2009, 16:03  |  Навіны, Грамадства

Сёння апошні дзень канферэнцыі ААН па змене клімату. Дэлегаты 192 краін працуюць над стварэннем новага міжнароднага пагаднення аб скарачэнні выкідаў парніковых газаў узамен Кіотскага пратакола, тэрмін дзеяння якога сканчаецца ў 2012 годзе.

Канферэнцыя ААН па змене клімату праходзіць у Капенгагене 7—18 снежня.
Пазіцыю Беларусі адстойваюць дзьве дэлегацыі: афіцыйная, на чале з міністрам прыродных рэсурсаў Уладзімірам Цалко, і неафіцыйная – дэлегацыя экалагічнага таварыства “Зялёная сетка”, якая складаецца з 11 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.

Беларусь найбольш зацікаўленая ў абмеркаванні спрашчэння працэдур, звязаных з прыняццем краінамі абавязацельстваў па Кіотскім пратаколе, а таксама абмеркаванне пытання пра выключэнне паняцця “краіна з пераходнай эканомікай”.

Прыярытэтнымі для беларускіх дэлегацый сталі тэмы, звязаныя з адаптацыяй да зменаў клімату; скарачэнне выкідаў партніковых газаў у Беларусі з улікам канцэпцыі энергетычнай бяспекі, стратэгіі ўстойлівага развіцця.

Пры гэтым пазіцыя “Зялёнай сеткі” па некаторых пытаннях значна адрозніваецца ад афіцыйнай.

Перадусім, эколагі прапануюць запланаваць скарачэнне выкідаў парніковых газаў на 30-35% у першы перыяд і да 40% – у другі.

Беларускі афіцыйны бок настойвае на тым, што магчымасцям развіцця краіны адпавядае паказчык зніжэнне выкідаў на 15% да 2020 года.

Крыніца: "Твой стыль"

Навіны па тэме