КСЁНДЗ НОРБЕРТ ВОЛЬФ: МОЛАДЗЬ З ГЕРМАНІІ МОЖА ПАВУЧЫЦЦА ЭНТУЗІЯЗМУ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

150 год таму, 18 снежня 1859 г., італьянскім святаром Янам Боска было заснавана Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіянаў). Паслядоўнікі св. Боска ўжо больш за 10 год працуюць і ў Менску. Ксёндз Норберт Вольф SDB, прарэктар Салезіянскага тэалагічнага універсітэта ў Бэнэдыктбойерне (Германія), распавёў пра дзейнасць салезіянаў у свеце на сучасным этапе, параўнаў сітуацыю ў Германіі і Беларусі, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы салезіянаў у Менску.
— Завяршаецца святкаванне 150-годдзя дзейнасці салезіянаў. Ксёндз Норберт, варта ўзгадаць галоўныя рысы служэння паслядоўнікаў св. Яна Боска. Як рэалізоўваецца яго харызма сёння?
— Ва ўсім свеце Таварыства святога Францішка Сальскага з’яўляецца той манаскай супольнасцю, якая вельмі шмат робіць для фармацыі і выхавання моладзі. У гэтым заключаецца харызма, якую мы, салезіяне, атрымалі ў спадчыну ад нашага заснавальніка св. Яна Боска. Працуючы з маладым пакаленнем, у першую чаргу мы павінны ўлічваць сітуацыю, якая склалася ў дадзенай краіне, каб адпаведным чынам рэалізоўваць ідэю італьянскага святара. Напрыклад, у Германіі для гэтага ёсць шмат магчымасцяў — інтэрнаты, прафесійныя школы, шматлікія араторыі, цэнтры для фармацыі моладзі. Безумоўна, выхаванне моладзі ў духу заснавальніка салезіянскага таварыства адбываецца і ў межах парафій. У Германіі дзейнічае таксама салезіянскі універсітэт, дзе моладзь можа атрымаць тэалагічную або педагагічную адукацыю. Вельмі славуты ў Германіі Цэнтр навакольнага асяроддзя і культуры. Моладзь, уваходзячы ў непасрэдны кантакт з прыродай, вучыцца адказнасці за ўсё Божае стварэнне. У дзейнасці Дона Боска, які клапаціўся аб тым, каб даць моладзі канкрэтную дапамогу для іх будучыні, найважнейшым усё ж такі быў рэлігійны аспект.
— У якіх краінах сёння працуюць салезіяне?
— Салезіяне працуюць у шматлікіх краінах свету. Калі я не памыляюся, гэта прыкладна 120 краін. Распаўсюджванне нашага таварыства па ўсім свеце адбывалася ў некалькі этапаў. У часы кіраўніцтва кс. Мікеле Руа, першага пераемніка кс. Яна Боска, салезіяне ўжо прысутнічалі ў многіх краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы і Азіі. У ХХ ст. да іх ліку далучылася таксама Аўстралія. Аднак трэба адзначыць, што тэрыторыя былога Савецкага Саюза доўгі час заставалася для нас закрытай, хоць на гэтых землях яшчэ ў часы камунізму працавалі ксяндзы салезіяне з Польшчы, Літвы і Украіны. Многія салезіяне з Польшчы ў той перыяд працавалі як дыяцэзіяльныя святары, а іх дзейнасць была абмежавана тэрыторыяй касцёла — за яго сценамі несці сваё служэнне яны не мелі права. Ксяндзы салезіяне, якія паходзілі з Літвы і Украіны, неслі служэнне ў розных краінах свету, аднак ў сябе на радзіме доўгі час не маглі працаваць. З 90-х гг. ХХ ст. салезіяне пачынаюць працаваць у Беларусі, Расіі, Украіне, Літве, Грузіі.
— Калі параўноўваць сітуацыю ў Беларусі і Германіі, ці істотныя адрозненні ў дзейнасці салезіянаў у гэтых краінах? Калі так, то чым яны абумоўлены?
— Дзейнасць салезіянаў у Германіі мае ўжо багатую гісторыю, праца ж салезіянаў у Беларусі знаходзіцца яшчэ на пачатковым этапе. У Германіі мы маем багатыя і развітыя структуры ўстановаў для фармацыі і выхавання моладзі. У Беларусі ж усё гэта знаходзіцца ў фазе фарміравання, што добра відаць на прыкладзе Мінска. У мяне, аднак, склалася вельмі добрае ўражанне. Я бачу, што шмат маладых людзей цікавяцца працай салезіянаў, прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Гледзячы на гэтых маладых людзей, я магу сказаць, што будучыня Касцёла ў Беларусі і будучыня салезіянскага таварыства — у добрых руках.
У мінулым годзе я быў удзельнікам інтэрнацыянальнай моладзевай сустрэчы ў Бэнэдыктбойерне, у якой прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты з Беларусі. Мне было вельмі прыемна бачыць, што маладыя людзі тых краін, якія яшчэ не так даўно былі ворагамі, сёння могуць быць разам і супольна перажываць радасць маладосці. Думаю, што было б добра, калі б нямецкая моладзь магла пабываць у Беларусі, у мясцовых салезіянскіх парафіяльных супольнасцях. На маю думку, моладзь з Германіі магла б павучыцца энтузіязму беларускай моладзі.
— Ксёндз Норберт, як улады Германіі ставяцца да дзейнасці салезіянаў?
— У Германіі мы маем добры кантакт з уладамі, бо паміж намі шмат пунктаў супрацоўніцтва. Многія з нашых выхаваўчых установаў маюць дзяржаўны статус. Цеснае супрацоўніцтва з дзяржавай ідзе і ў галіне дапамогі іншым краінам свету, так званай місіянерскай працы. Аднак, нягледзячы на добрае супрацоўніцтва, мы крытычна ставімся да тых пастановаў, якія супярэчаць правам моладзі, таму што абарона яе правоў — гэта адзін з вектараў нашага паклікання.
Варта адзначыць, што актуальнай тэмай у сучасным нямецкім грамадстве з’яўляецца прысутнасць крыжоў у навучальных установах краіны. Абмяркоўваецца і пытанне магчымасці выкладання ў дзяржаўных установах прадмету рэлігіі. Мы, ксяндзы салезіяне, у гэтым пытанні будзем падтрымліваць толькі пазіцыю Каталіцкага Касцёла. Трэба сказаць, што на сённяшні дзень адносна гэтага пытання мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ўлады.
— Святога Яна Боска ведаюць як таленавітага педагога. Сёння існуе так званы Аддзел па распрацоўцы методыкі выхавання моладзі на аснове папераджальнай педагогікі гэтага святога...
— Салезіяне заўсёды ішлі «ў нагу» з развіццём сродкаў масавай камунікацыі. Аддзел па распрацоўцы методыкі выхавання сучаснай моладзі на базе папераджальнай выхаваўчай сістэмы св. Яна Боска робіць вялікі акцэнт менавіта на сучасныя мас-медыя як на сродак выхавання. Безумоўна, актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт. У Рыме, напрыклад, ёсць факультэт сацыяльнай камунікацыі, дзе атрымліваюць адукацыю маладыя салезіяне, якія адказваюць за працу СМІ ў сваіх краінах.
Гаворачы пра выхаваўчую дзейнасць салезіянаў, трэба выдзеліць два вектары, якімі яны павінны кіравацца: па-першае, заставацца вернымі св. Яну Боска і яго харызме, імкнуцца паглыбляць веды пра яго асобу і дзейнасць, а па-другое, рэалізоўваць педагогіку св. Яна Боска ў канкрэтнай сітуацыі, беручы пад увагу ўсе цяжкасці.
Такім чынам, задачай Аддзела з’яўляецца таксама распрацоўка праграм, адаптаваных да канкрэтных краін, на падставе прадстаўленых запытаў у кантэксце пануючай там сітуацыі.