СОЙМ ПАРТЫІ БНФ ВЫСТУПІЎ СУПРАЦЬ АБМЕЖАВАННЯ СВАБОДЫ Ў ІНТЭРНЕЦЕ

21.12.2009, 08:45  |  Навіны, Палітыка

На пасяджэнні 19 снежня ў Менску сойм партыі БНФ прыняў заяву супраць абмежавання свабоды ў інтэрнеце. Член сойму Юрый Чавусаў нагадаў, што ў інтэрнет-СМІ быў апублікаваны дакумент, які аформлены як праект прэзідэнцкага ўказа "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнет".

 

Праект дакумента, у прыватнасці, прадугледжвае "рэгістрацыю інтэрнет-рэсурсаў у парадку, які вызначаецца Саветам міністраў Беларусі па ўзгадненні з Аператыўна-аналітычным цэнтрам (ААЦ) пры прэзідэнце". Згодна з дакументам, "звесткі аб зарэгістраваных рэсурсах перадаюцца ў ААЦ у парадку і аб'ёмах, якія вызначаюцца гэтым цэнтрам". Апрача таго, згодна з праектам указа, аператары электрасувязі, а таксама іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па выкарыстанні інтэрнета, абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, якім яны аказалі дадзеныя паслугі.

 

"Дакумент дае сур'ёзныя падставы разглядаць яго ў якасці кроку па ўстанаўленні неапраўданага жорсткага кантролю за распаўсюджаннем інфармацыі ў электронных масс-медыя. Асобныя палажэнні праекта ўказа пагражаюць стварэннем сістэмы віртуальнай цэнзуры, палітычнага сыску", — сказаў Чавусаў.

 

Паводле яго слоў, асаблівую занепакоенасць выклікае норма аб абавязках пастаўшчыкоў інтэрнет-паслуг ідэнтыфікаваць карыстальнікаў інтэрнет.

 

У сваёй заяве сойм Партыі БНФ патрабуе адкласці прыняцце ўказа да правядзення грамадскага і экспертнага абмеркавання яго палажэнняў. Першым крокам, мяркуе сойм, павінна стаць апублікаванне афіцыйнага тэксту праекта ўказа.

 

"Беларусь не павінна ўвайсці ў лік краін, грамадзяне якіх пазбаўленыя доступу да сучасных магчымасцей глабальнай інфармацыйнай супольнасці", — гаворыцца ў заяве.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме