БЕНЕДЫКТ XVI ЗАКЛІКАЎ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ БЕЛАРУСІ ДА БОЛЬШ ПЛЁННАГА СЛУЖЭННЯ

21.12.2009, 09:00  |  Навіны, Свет

Папа рымскі Бенедыкт XVI заклікаў каталіцкіх біскупаў Беларусі да больш плённага служэння, каб сярод іх "узрастала ўсведамленне адзінства і супольнай адказнасці за рашэнні".

 

Пра гэта гаворыцца ў пасланні, якое было перададзена пантыфікам падчас візіту беларускіх біскупаў у Ватыкан 11—17 снежня. Тэкст паслання апублікаваны на сайце catholic.by.

 

На думку пантыфіка, асабліва важным з'яўляецца абвяшчэнне "непрамінальнага Евангельскага паслання ў грамадстве, безабаронным перад пагрозамі секулярызацыі, геданізму і рэлятывізму, што знаходзяць выяўленне ў праблемах спаду нараджальнасці, нетрываласці сем'яў і ілюзіях аб здабыцці багацця па-за межамі сваёй краіны". "Перад абліччам гэтых выклікаў неадкладнае заданне пастыраў у тым, каб паказваць сілу веры — веры, укаранёнай у трывалай традыцыі, каб гэта паспрыяла захаванню глыбокай хрысціянскай тоеснасці народа, у поўным павагі дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі", — адзначаецца ў пасланні.

 

Каб дасягнуць гэтай мэты, неабходна прыкласці вялікія намаганні ў стварэнні праграм і ўдасканаленні метадаў душпастырскай працы, лічыць Бенедыкт XVI. Асаблівае значэнне, на думку папы, набывае клопат аб распазнаванні і дбанні пра святарскія і законныя пакліканні, а таксама реалізацыя праграм, прызначаных для духоўнага развіцця моладзі.

 

Вельмі важным Бенедыкт лічыць братэрскае супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой, пастыры якой падзяляюць пошук дабра для вернікаў.

 

"Некалькі месяцаў таму я прыняў спадара прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — піша папа. — Падчас сустрэчы <…> было абмеркавана жаданне бакоў заключыць пагадненне, якое цяпер распрацоўваецца. Акрамя таго, я падкрэсліў асаблівую ўвагу, з якою апостальская сталіца, таксама як і Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі, сочаць за бягучымі падзеямі ў краіне, і намаганні дзеля плённага супрацоўніцтва ў пытаннях, якія ўяўляюць агульны інтарэс, з мэтаю спрыяць дабру грамадзянаў, з павагаю да сфераў кампетэнцыі кожнага".

 

Бенедыкт XVI выказаў падзяку біскупам за іх працу, даў вернікам краіны сваё апостальскае блаславенне і запэўніў ў сваёй пастаяннай малітве за ўвесь беларускі народ.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме