ПРЫЗНАЧАНАЯ ПАПЯРЭДНЯЯ ДАТА СУДА НАД ЮРЫЕМ КАЗАКОМ

22.12.2009, 13:16  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Паводле інфармацыі адваката актывіста БХД Юрыя Казака Паўла Сапелкі, судовае паседжанне адбудзецца  28 або 29 снежня.

 

Улады свядома вырашылі пачаць судовае паседжанне ў пераднавагоднія дні, спадзяючыся, што людская салідарнасць будзе размытая, і працэс пройдзе незаўважаным.

 

БХД заклікае ўсіх, хто лічыць камунізм злом для беларусаў, праявіць салідарнасць і прыехаць у Наваградак, каб падтрымаць актывіста БХД.

 

Нагадаем, у ноч з 6 на 7 лістапада ў горадзе мясцовы помнік Леніну быў абліты зялёнай фарбай. З гэтай нагоды тады ж былі затрыманыя моладзевыя актывісты БХД. Дзеянні Казака ахарактарызаваныя як “наўмысныя, парушаючыя грамадскі парадак і вызначаныя асаблівым цынізмам”. Падлічаны і ўрон, які нанёс актывіст “з мэтай знявагі грамадскіх інтарэсаў і гістарычных традыцый, выкарыстоўваючы лакафарбавы матэрыял”. Ён склаў 3.740 рублёў.

 

Учынку Юрыя Казака следства надае характар “выключнага цынізму, бо ён актыўна супрацьпаставіў сваю асобу грамадству, праявіў яўную непавагу да нормаў паводзінаў, прынятым у ім, традыцыяў, гістарычных каштоўнасцяў грамадства”. “Бо Казак Ю.В, разлічваў менавіта на тое, што яго дзеянні выклічуць грамадскае абурэнне менавіта ў дзень свята”, - гаворыцца ў фармулёўцы справы.

 

Вядома, што ўлады запрашаюць у якасці сведкаў абвінавачання мясцовых гісторыкаў. якія будуць абараняць "гістарычную каштоўнасць" вобразу Леніна. БХД у сваю чаргу запрасіла сведчыць на судзе ў Наваградку вядомых гісторыкаў-антыкамуністаў.

 

Частка 1-я артыкула 339 прадугледжвае пакаранне: 3 гады турмы, так званая “хімія” альбо штраф.

Навіны па тэме