СТУДЭНТАЎ, ШТО ЗЬБІРАЮЦЬ ПОДПІСЫ Ў ПАДТРЫМКУ ШАПУЦЬКА, АДЛОЎЛІВАЮЦЬ У ІНТЭРНАТАХ

22.12.2009, 16:31  |  Навіны, Палітыка

Кіраўніцтва юрыдычнага факультэта БДУ, а таксама студэнцкіх інтэрнатаў БДУ ціснуць на студэнтаў, што падпісаліся ў падтрымку адлічанай маладафронтаўкі Тацьцяны Шапуцька. 


Пра гэта  паведаміла Тацьцяна Шапуцька, спасылаючыся на сьведчаньні сваіх аднакурсьнікаў, паведамляе прэсавая служба "Маладога Фронту".

"Яшчэ напачатку збору подпісаў намесьнік дэкана юрыдычнага факультэта А.В. Шыдлоўскі выклікаў студэнтаў да сябе ў кабінет, дзе праводзіў "прафіляктычныя размовы", пасьля якіх студэнты ў сьлязах выходзілі ад яго. Ёсьць інфармацыя, што адміністрацыя факультэта пагражала студэнтам адлічэньнем з вучобы, праблемамі на працы ў бацькоў, няздачаю сэсіі ў выпадку, калі тыя не адмовяцца ад сваіх подпісаў. У інтэрнат, дзе ў асноўнай сваёй масе жывуць студэнты юрыдычнага факультэта, прыязджаў асабіста рэктар - "кантраляваў" сытуацыю, хадзілі людзі, што зьбіралі адмовы ад подпісаў. Пры гэтым студэнтам апавядалі, што іх подпісы прызначаліся для палітычных гульняў, для дыскрэдытацыі факультэта й унівэрсытэта, для асабістых карысьлівых мэтаў "апазыцыянэркі Шапуцька", - апавядае Тацьцяна Шапуцька. 

"Напачатку час студэнты, баючыся ўзмацненьня прэсінгу з боку адміністрацыі, упрошвалі мяне не агучваць факты рэпрэсій, але пасьля апошняга выпадку замоўчваць гэта проста нельга: у апошнюю пятніцу некаторыя студэнты паехалі ў адзін з студэнцкіх інтэрнатаў БДУ - т.зв. "тройку" пазьбіраць подпісы ў маю падтрымку, бо ў "юрыдычным інтэрнаце" студэнты ўжо моцна запалоханы. Як высьвятлілася, у інтэрнаце іх ужо чакалі! Сацыяльны педагог, што пабачыла дзяўчат, фактычна фізычна затрымала іх і патэлефанавала кудысьці, гаворачы "Так, тыя, пра каго вы казалі, прыехалі", пасьля чаго прыстрашыла дзяўчат міліцый", - дадае Шапуцька. 

Па словах Таццяны Шапуцька, потым сацыяльны педагог пайшла па студэнцкіх пакоях і, пагражаючы непрыемнасьцямі, патрабавала адклікаць подпісы. У выніку амаль 70 студэнтаў са 100 падпісантаў, якіх пасьпелі наведаць дзяўчаты, выкрэсьлілі свае подпісы. 

"Жорсткая пазыцыя адміністрацыі ўнівэрсытэта не мяняецца - студэнтаў рэпрэсуюць, пабачыўшы у іх дзеяньнях хоць нейкае вальнадумства. Прымушаць адклікаць подпіс у падтрымку выключанай студэнткі - маразм, што сьведчыць пра неўміручы страх уладаў перад голасам моладзі. Хацелася б толькі нагадаць тым, хто зараз так актыўна спрыяе рэпрэсіям студэнтаў, што калі-небудзь прыйдзецца несьці адказнасьць за свае ўчынкі. Як былая студэнтка юрфака нагадваю, што прымус - гэта крымінальнае злачынства (арт. 185 КК)",
 - камэнтуе падзеі Таццяна Шапуцька.

Навіны па тэме