МІТРАПАЛІТ КАНДРУСЕВІЧ АТРЫМАЎ ЛІТАРАТУРНУЮ ПРЭМІЮ Ў НАМІНАЦЫІ ЦВЯРОЗАСЦІ

23.12.2009, 08:45  |  Навіны, Грамадства

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў дыплом лаўрэата конкурса літаратурнай прэміі імя біскупа Мацеюса Валанчуса ў намінацыі цвярозасці за 2009 г.

 

Прэмію арцыбіскуп атрымаў за гаміліі і пастырскія пасланні на тэму маральнасці і цвярозасці, а таксама за шырокую грамадскую дзейнасць.

 

Урачыстая цырымонія ўручэння прэміі адбылася 21 снежня ў Вільнюскім педагагічным універсітэце з удзелам рэктара, выкладчыкаў і студэнтаў гэтай навучальнай установы, а таксама дапаможнага біскупа Вільнюскага Юозаса Тунайціса, консула Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці.

 

Дадзеная прэмія прысуджаецца кожны год, пачынаючы з 1999 г.

 

Падчас урачыстага мерапрыемства Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў за высокую ўзнагароду і заклікаў Касцёл і грамадства зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб сучасны чалавек “не загінуў у моры алкагалізму, які стаў сапраўдным бічом нашага часу”. Іерарх таксама падкрэсліў, што галоўным метадам барацьбы з гэтым традыцыйным для нашых земляў злом павінна стаць адпаведнае духоўнае выхаванне. Пры гэтым арцыпастыр нагадаў пра нядаўні візіт беларускіх біскупаў аd limina ў Апостальскую Сталіцу і звярнуў увагу на словы Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у якіх Пантыфік адзначыў вострую патрэбу сапраўднай хрысціянскай фармацыі жыхароў нашай краіны.

Навіны па тэме