БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ СУД ЗМЯНІЎ СУДОВУЮ ПРАКТЫКУ ПА СПРАВАХ АБ ЗАБАРОНЕ ПІКЕТАЎ І ІНШЫХ МАСАВЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ, ЛІЧЫЦЬ ПАВААБАРОНЦА

26.12.2009, 10:08  |  Навіны, Палітыка, Грамадства

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда 24 снежня адмяніла рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста аб правамернасці забароны мясцовымі ўладамі пікета "супраць абыякавасці чыноўнікаў да зваротаў грамадзян" і пакінула без разгляду скаргу заяўніка акцыі 73-гадовага Паўла Казлова.

 

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, Казлоў падаваў заяўку ў Брэсцкі гарвыканкам на правядзенне пікета, каб прыцягнуць увагу жыхароў горада да існуючай, паводле яго меркавання, праблемы бяздушных адносін чыноўнікаў да зваротаў грамадзян, а таксама парушэнняў з іх боку заканадаўства аб зваротах грамадзян.

 

Нагодай для публічнага выказвання свайго меркавання паслужылі 50 накіраваных Казловым зваротаў у розныя інстанцыі аб неправамерным, на яго погляд, рашэнні Міністэрства юстыцыі, на падставе якога ён у 2007 годзе быў пазбаўлены ліцэнзіі на правядзенне аўтатэхнічных экспертыз (ацэнка транспартных сродкаў). Прычынай пазбаўлення паслужыла тое, што Казлоў два разы аказаў аднаму з судоў Брэста экспертную паслугу, не ўказаную ў ліцэнзіі. Пры гэтым заканадаўства прадугледжвае, што суд сваім вызначэннем можа прыцягваць да такіх работ на аднаразовай аснове грамадзян без ліцэнзіі, якія маюць спецыяльныя веды.

 

Усе яго звароты, лічыць Казлоў, па сутнасці не разглядаліся чыноўнікамі, а накіроўваліся ў іншыя арганізацыі, у выніку яны траплялі для разгляду ў орган, які пазбавіў яго ліцэнзіі.

 

Мясцовыя ўлады забаранілі правядзенне пікета на той падставе, што згодна з заяўкай яго планавалася правесці не ў месцы, вызначаным для такіх мерапрыемстваў, якім з'яўляецца стадыён "Лакаматыў". 

 

Павел Казлоў, які лічыць, што праводзіць публічныя акцыі ў бязлюдным месцы не мае сэнсу, накіраваў скаргу на забарону гарвыканкама заяўленага ім пікета ў суд Ленінскага раёна Брэста, а потым абскардзіў рашэнне райсуда ў абласным судзе.

 

 "Абласны суд палічыў, што заяўнікам пікета не захавана працэдура дасудовага абскарджання забароны акцыі, — сказаў праваабаронца. — На думку судовай калегіі, Казлоў да звароту ў раённы суд павінен быў абскардзіць забарону у вышэйстаячым выканкаме, у дадзеным выпадку — аблвыканкаме".

 

Паводле слоў Кісляка, раней абласны суд разглядаў аналагічныя скаргі без захавання такой працэдуры.

 

 "Рашэнне суда можна назваць змяненнем судовай практыкі па справах аб забароне пікетаў і іншых масавых мерапрыемстваў. На мой погляд, яно проста падаўжае іх абскарджанне, таму што ўсе неаднаразовыя звароты па такіх пытаннях у аблвыканкам раней былі беспаспяховымі", — сказаў праваабаронца.

 

Пенсіянер Казлоў, паводле яго слоў, мае намер прайсці ўсе інстанцыі.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме