МІЛІЦЫЯНТЫ СПРАБУЮЦЬ “ПАВЕСІЦЬ” НА ПАМІРАЮЧАГА ВЕРНІКА НЕРАСКРЫТЫЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ

27.12.2009, 14:11  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Вар’яцкая па свайму цынізму гісторыя адбываецца з Віцебскім вернікам Валерыям Ганчарэнкам.

 

Тое, што з ім адбываецца, вернік апісаў у лісце да аднаго з лідэраў “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Паўла Севярынца.

 

Спадар Валерый хворы на сухоты. Цяпер знаходзіцца на лячэнні ў Багушэўскім туберкулёзным шпіталі (Віцебская вобласць). Піша, што паводле лекараў жыць яму засталося некалькі месяцаў. Але спакою ў апошні час ягонага жыцця верніку не даюць мясцовыя міліцыянты. Супрацоўнікі міліцыі вырашылі скарыстацца цяжкім станам Ганчарэнкі, каб выканаць свой працоўны план. Яны дачапіліся да верніка, спрабуючы “павесіць” на яго нераскрытыя злачынствы, учыненыя ў Віцебску. Гаворка ідзе пра шэраг крадзяжоў. Маўляў, жыць чалавеку засталося некалькі месяцаў, яму ўсё роўна, а статыстыка па раскрыццю злачынстваў будзе добрая.

 

Валерый ставіцца з горкай іроніяй да следчых мерапрыемстваў, што праводзяцца ў адносінах да яго. Вернік нават вырашыў звярнуцца да прэзідэнта Лукашэнкі з прапановай “павесіць” на яго ўсе нераскрытыя злачынствы ў Беларусі. У тым ліку выбухі ў Віцебску і ў Менску.

 

Паводле Паўла Севярынца, сітуацыя выглядае фантасмагарычнай, але такая ёсць сённяшняя рэчаіснасць у Беларусі.

 

- Думаю, самае меншае, што мы павінны зрабіць - праявіць увагу да гэтага чалавека і надаць розгалас ягонай сітуацыі.

 

А яшчэ Павал Севярынец заклікае ўсіх, хто мае такую магчымасць, падтрымаць гэтага мужнага чалавека.

 

Віншаванне – паштоўку ці падарунак - Валерыю Ганчарэнку можна даслаць па адрасе: 211510, Віцебская вобласць, Сенніцкі раён, гарадскі пасёлак Багушэўск, Віцебская абласная туберкулёзная бальніца, сёмае аддзяленне, палата 2. Ганчарэнка В.А.

Навіны па тэме