МІНІНФАРМАЦЫІ ПАСТАНАВІЛА СПЫНІЦЬ АДМІНІСТРАЦЫЙНУЮ СПРАВУ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ЭКОЛАГА АНДРЭЯ АЖАРОЎСКАГА

28.12.2009, 09:10  |  Навіны, Грамадства

Міністэрства інфармацыі Беларусі пастанавіла спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні расійскага эколага Андрэя Ажароўскага за распаўсюджанне друкаваных асобнікаў Крытыкі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС і вярнуць канфіскаваныя ў яго друкаваныя матэрыялы.

 

Пра гэта гаворыцца ў пастанове Міністэрства інфармацыі Беларусі № 16 ад 3 лістапада, копія якога паступіла ў распараджэнне БелаПАН.

 

Расійскі фізік-ядзершчык, каардынатар праектаў групы "Экаабарона" (Масква) Андрэй Ажароўскі быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы (Гродзенская вобласць), куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС. У яго канфіскавалі 94 друкаваныя матэрыялы пад назвай "Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС". У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго слоў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы. Судом Астраўца па абвінавачванні ў дробным хуліганстве ён быў асуджаны на сем сутак арышту, якія правёў у мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

 

У пастанове за подпісам намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ігара Лапцёнка гаворыцца аб адсутнасці ў дзеянні Ажароўскага складу адміністрацыйнага правапарушэння. "Згодна з часткай 2 артыкула 22.9 Асаблівай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці прадугледжваецца пры ўмове распаўсюджання перыядычных друкаваных выданняў без выходных даных. <…> Канфіскаваныя матэрыялы не з'яўляюцца прадукцыяй друкаванага СМІ", — зазначаецца ў дакуменце.

 

Намеснік міністра інфармацыі пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу і вярнуць эколагу асобнікі друкаваных матэрыялаў.

 

Як заявіў у каментарыі наконт гэтага Андрэй Ажароўскі, "усім было відавочна, што крытыка АУНА не з'яўляецца перыядычным СМІ, таму спроба абвінаваціць мяне ў парушэнні закона аб СМІ правалілася". "Але менавіта гэтае абвінавачанне з'явілася прычынай для майго затрымання як афіцыйна зарэгістраванага ўдзельніка слуханняў. Абвінавачанне ў дробным хуліганстве з'явілася праз тры гадзіны пасля затрымання, непасрэдна перад пачаткам суда", — зазначыў вучоны.

 

Расійскі фізік у хуткім часе мае намер прыехаць у Менск, каб атрымаць канфіскаваныя ў яго матэрыялы.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме