У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ ДУХОЎНА-АСВЕТНІЦКАЯ ВЫСТАВА-КІРМАШ "НАРАДЖЭННЕ ХРЫСТОВАЕ"

28.12.2009, 09:20  |  Навіны, Грамадства

27 снежня ў Менску ў нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" па праспекце Пераможцаў, 14 адкрылася VIII духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш "Нараджэнне Хрыстовае".

 

Арганізатарамі выставы выступілі Беларуская праваслаўная царква, таварыствы "Экспафорум" і "Экспасэрвіс" пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і інфармацыі.

 

У кірмашы бяруць удзел больш як 90 манастыроў, праваслаўных прыходаў і духоўных навучальных устаноў, выдавецтваў, СМІ, мастакоў і народных майстроў з Беларусі, Грэцыі, Ізраіля, Расіі і Украіны.

 

Падчас выставы запланаваны канцэрт выхаванцаў спецустаноў Магілёва (28 снежня ў 13.00), прэзентацыя адукацыйнай і выдавецкай дзейнасці Свята-Філарэтаўскага праваслаўнага інстытута (28-га ў 17.30), узнагароджанне ўдзельнікаў агляду-конкурсу "Калядная батлейка" (2 студзеня ў 14.00), прадстаўленне дзіцячага сямейнага адукацыйнага тэлеканала "Радасць мая" (Масква) у сувязі з пачаткам яго вяшчання на Беларусь (4 студзеня ў 12.00), а таксама кампазіцыя "На пагорках Грузіі цудоўнай" грузінскага культурна-асветніцкага таварыства "Мамулі" (4 студзеня ў 17.30).

 

Наведнікі кірмашу змогуць набыць калядныя і навагоднія падарункі, у тым ліку сувеніры з фарфору, керамікі і дрэва, абрусы з вышыўкай, прысмакі, валёнкі і шапкі, пернікі і святочныя свечкі, календары і паштоўкі, елкі і жывыя кветкі, цацкі, званочкі і кнігі з карцінкамі, арэнбургскія хусткі, рукавіцы і ўпрыгажэнні, бальзамы, мёд і цёплыя дамашнія тапкі.

 

Таксама ўдзельнікі выставы змогуць даведацца аб стравах поснага стала, набыць пірагі, хлябы і іншую выпечку. Для дзяцей прадугледжаны розныя гульні, віктарыны і канцэрты з удзелам музычных калектываў і выканаўцаў, царкоўных хораў і паэтаў. Сярод іх — лаўрэат нацыянальных конкурсаў, салістка Белдзяржфілармоніі матушка Вольга Шаўчэнка і вядомая расійская паэтэса, бард Людміла Конанава.

 

Поўная праграма выставы-кірмашу, якая працуе да 5 студзеня, даецца на сайце pravoslav-expo.by.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме