ЗША маюць намер надаць пільную увагу кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы

02.01.2010, 09:47  |  Выбары ў Мясцовыя Саветы, Навіны, Палітыка

У 2010 годзе Злучаныя Штаты маюць намер надаць пільную ўвагу кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы ў Беларусі, паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

 

"Выбары ў мясцовыя саветы ў 2010 годзе будуць аб'ектам нашай пільнай цікавасці, — сказаў дыпламат. — Мы віталі ўдзел урада Беларусі ў распачатым мінулай вясной дыялогу з удзелам БДІПЧ, апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасці па прапанаваных змяненнях у выбарчае заканадаўства".

 

Скэнлан падкрэсліў, што гэты дыялог не знайшоў свайго працягу. "Мы падзяляем выказаныя нядаўна БДІПЧ шкадаванні аб тым, што Беларусь так і не падала на разгляд гэтай арганізацыі адпаведныя папраўкі ў выбарчае заканадаўства, дамоўленасць аб чым была дасягнута вясной, — сказаў часовы павераны. — Акрамя таго, выклікае шкадаванне той факт, што беларускі ўрад адмовіўся ад ўласна заяўленых змяненняў, якія давалі назіральнікам магчымасць проста назіраць за падлікам галасоў".

 

У той жа час, падкрэсліў Скэнлан, ЗША вітаюць "нядаўнія заявы парламента пра намер разгледзець прапановы апазіцыйных партый па выбарчым заканадаўстве". "Мы спадзяемся на лепшае і адкрыта дзелімся з беларускім урадам сваім бачаннем сітуацыі", — сказаў ён.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме