У Беларусі пачаў вяшчанне дзіцячы праваслаўны канал «Радасць мая»

04.01.2010, 13:29  |  Навіны, Грамадства

Прэзентацыя канала, што будзе транслявацца з Расіі, адбылася ў панядзелак у Менску.

 

Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала Уладзімір Лапчанка, дамова пра адкрыты доступ да канала на беларускай тэрыторыі быў падпісаны з афіцыйным дыстрыбутарам ТАА «Белвіасат-Кантэнт» ў канцы 2009 года. Сігнал перадаецца са спадарожніка «Ямал-200» з каардынатай 90 градусаў усходняй даўжыні.

 

«Радасць мая» — гэта свецкі канал, створаны праваслаўнымі людзьмі.

 

Ён прапануе гледачам культурна-асветніцкія, адукацыйныя і дзіцячыя праграмы. Калектыў стараецца, каб на канале кожны член сям’і мог знайсці для сябе нешта карыснае. Асаблівасць «Радасці маёй» — прыхільнасць да праваслаўных традыцый», — распавялі ў дырэкцыі канала.

 

Ідэя праекта нарадзілася ў Расіі ў сакавіку 2007 года. Дзіцячы сямейны адукацыйны тэлеканал ўпершыню выйшаў у расійскі эфір 6 студзеня 2009 г.

 

Дарэчы зараз вядуцца перамовы аб рэтрансляцыі праграм «Радасці маёй» на цэнтральных эфірных тэлеканалах Расіі і Беларусі.

Крыніца: БелТА

Навіны па тэме