Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Вячэрню Раства Хрыстовага

06.01.2010, 11:41  |  Навіны, Грамадства

Напярэдадні Раства Хрыстовага хрысціяне рыхтуюцца да вялікага свята і таму захоўваюць строгі пост. Гэты час напоўнены асаблівым усхваляваным чаканнем прышэсця ў свет Збавіцеля і называецца "куццёй".

 

На куццю ў праваслаўных хрысціян захоўваецца набожны звычай нічога не есці да з'яўлення на небе першай вячэрняй зоркі, што нагадвае аб з'яўленні зоркі на ўсходзе, якая абвясціла аб нараджэнні Ісуса Хрыста.

 

7 студзеня ва ўсiх падворках чакалi прыходу «калядоўшчыкаў». Увечары 13 студзеня адзначалi «другую, шчодрую, багатую, тоўстую» куццю, сустракалi Новы год (па старым стылi).

 

Ранiцай 14 студзеня адбывалiся «засеўкi» — чарговы абрадавы абыход 12‑гадовымi падлеткамi ўсiх падворкаў з пажаданнямi выгадаваць добры ўраджай збожжавых культур. Нарэшце, увечары 18 студзеня святкавалi трэцюю «посную, галодную, хрышчэнскую» куццю.

 

На Калядную куццю вернікі збіраліся ў храме і духоўна рыхтаваліся да сустрэчы аднаго з найвялікшых хрысціянскіх свят - Раства Госпада нашага Ісуса Хрыста.

 

Куццю было прынята азнамяноўваць добрымі справамі. І, вядома ж, нашы продкі асабліва рабілі ў гэтыя дні справы міласэрнасці. Раздавалі шчодрую міласціну жабракам, пасылалі калядныя дары ў багадзельні, прытулкі, шпіталі, у дамы ўдоў і сірот, каб ніхто ў гэтыя светлыя дні не адчуваў сябе абдзеленым.

 

Богаслужэнні ў гонар Раства Хрыстова пройдуць напярэдадні і ў дзень свята ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.

 

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі сёння справіць Усяночнае трыванне, якое пачнецца ў 18.00 у мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

 

Вячэрняе богаслужэнне ў галоўным праваслаўным храме сталіцы будзе трансліравацца ў запісе па Першым нацыянальным тэлеканале з 21.55 да 23.55. Усяночнае трыванне - гэта асабліва ўрачыстая служба, якая складаецца з вялікай вячэрні, ютрані і першай гадзіны. На вялікай вячэрні спяваецца песнапенне "З намі Бог", у якім выказваецца радасць народа Божага, што Збавіцель свету знаходзіцца неразлучна ад людзей, а таму ніякія нягоды не страшаць.

 

Цэнтральным элементам сустрэчы праваслаўнага Раства з'яўляецца начная Боская літургія, якая ў большасці прыходаў пачнецца 7 студзеня адразу пасля апоўначы. Пасля гэтай службы настае пара разгавення, калі пасля доўгага Каляднага паста вернікі могуць ужывать у ежу скаромнае (мясныя, малочныя прадукты, алкаголь).

 

Раніцай у храмах будзе служыцца яшчэ па некалькі літургій. У Свята-Духавым саборы яны пачнуцца ў 7.00 і ў 10.00 (апошнюю будзе служыць Уладыка Філарэт). У 16.00 у дзень Раства ў кафедральным саборы пачнецца святочная ютрань, на якую па традыцыі запрошаны прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса.

 

Раство прынята лічыць другім па значнасці (пасля Вялікадня) хрысціянскім святам. Згодна з дагматамі хрысціянскай веры, народжаны ў Віфлееме Ісус Хрыстос - гэта поўнае, дасканалае ўвасабленне Бога ў чалавечым вобразе. У пачатку часоў Хрыстос стварыў свет, а калі грэх людзей стаў прычынай з'яўлення ў гэтым свеце зла і смерці, Ён сам не пагрэбаваў нарадзіцца ў гэтым свеце, каб памерці за сваё тварэнне, адкрыўшы Сваім уваскрэсеннем дарогу ў Царства Нябеснае ўсяму чалавецтву. Таму на Раство ў праваслаўных храмах спяваюць: "Перашкода, што аддзяляла нас ад Бога, разбурылася, і мы робімся ўдзельнікамі райскай асалоды. Нязменны вобраз Бога Айца прымае выгляд раба, нараджаючыся ад цнатлівай Маці. Ён застаўся тым, кім быў, - Богам сапраўдным, і з-за любові да людзей стаў тым, кім раней не быў, - чалавекам". Такім чынам, свята Раства - гэта свята яднання людзей з Богам і паміж сабой, а таму асаблівае значэнне ў гэты дзень удзяляецца сямейнай утульнасці, віншаванням сяброў і дабрачыннасці.

 

Традыцыйна калядны стол вельмі багаты і разнастайны. Як правіла, галоўныя стравы стала - фаршыраваная індычка або гусь. На Русі з 18-га стагоддзя неад'емным атрыбутам святкавання Раства стала ялінка, яе макушка ўпрыгожваецца зоркай - сімвалам той самай зоркі, якая засвяцілася над Віфлеемам у момант нараджэння Збавіцеля. Акрамя таго, пачынаючы з 12-га стагоддзя ў Еўропе існуе прыгожы звычай майстраваць "батлейку" - дэкаратыўную кампазіцыю ў форме пячоры з маленькімі скульптурамі дзіцяткі Іісуса, Багародзіцы, святога Іосіфа, а таксама пастухоў, вешчуноў і звяроў.

 

Раство Хрыстова святкуецца праваслаўным светам 11 дзён.

Крыніца: БелТА

Навіны па тэме