| RSS- | English

СЕВЯРЫНЕЦ Павал Канстанцінавіч

Павал СЕВЯРЫНЕЦ, Сустаршыня БХДПавал СЕВЯРЫНЕЦ, Сустаршыня БХДСустаршыня “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”

Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы, у сям'і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацьцяны Севярынец. У 1994 г. скончыў з залатым медалём СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурнай клясе, у 2000 годзе – геаграфічны факультэт БДУ, атрымаўшы прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў".

У 1994-1999 гг. працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. З 1998 г. пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.

У кастрычніку 1995 г. уступіў у БНФ "Адраджэньне". У лютым 1997 г. узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 г. на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога Фронту.

2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Менску і за "зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі й Беларусі", зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага. Праз 2 месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 г. без тлумачэньняў і прабачэньняў.

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гг., больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафаў.

Заснавальнік асьветніцкага праекту "Шоў Беларушчыны", курсаў "Ды-джэяў Адраджэньня", ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў "Пераменаў!", а таксама міжканфэсійнае супольнасьці "Хрысьціянская ініцыятыва". У 1999-2003 гг. – намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – старшыня Маладога Фронту.

Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. - чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі "Беларусь у Эўропу!" (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку "Маладая Беларусь" (2004 г.), партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (2005 г.).

У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць "трэцяга тэрміну Лукашэнкі", якія адбыліся ў Менску пасьля "рэфэрэндуму-2004" 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да 3-х гадоў абмежаваньня волі (г.зв. "хіміі"), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён).

Аўтар кнігаў: "Ды-джэй Адраджэньня" (1998 г.), "Пакаленьне Маладога Фронту" (2002 г.), "Нацыянальная ідэя" (2005 г.), "Лісты зь лесу" (2007 г.), "Брату" (2007 г.).

Ляўрэат літаратурнае прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя А. Адамовіча.

Xрысьціянін.

Больш інфармацыі чытайце на афіцыйным сайце.



2005-2009 . bchd.info .
220123, . ̳, / 324, [email protected]