Каля мільёна беларусаў не маюць афіцыйнай працы
Па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 885 тысяч беларусаў працаздольнага веку знаходзяцца па-за афіцыйным эканамічным абарачэннем.
Больш за ўсё самазанятага насельніцтва ў малых гарадах і населеных пунктах. Як адзначае сайт “Заўтра тваёй краіны”, гэта сёмая частка ўсіх працоўных рэсурсаў краіны.
Разам з тым варта зазначыць, што гэтыя людзі пазбаўленыя доступу да фінансавых рэсурсаў. Бо нават для таго, каб атрымаць спажывецкі крэдыт, трэба падаць у банк інфармацыю аб крыніцах прыбыткаў.
Каб людзі маглі выходзіць з “ценю”, арганізоўваць сваю справу афіцыйна, мэтазгодна нароўні з банкаўскай сістэмай развіваць таксама небанкаўскія фінансавыя арганізацыі. Такое меркаванне выказаў кіраўнік сумеснага праекту Нацыянальнага банка і Праграмы развіцця ААН “Спрыянне развіццю мікрафінансавання ў Рэспубліцы Беларусь” Юры Малафей.
Паводле некаторых ацэнак, 5-10% беспрацоўных гатовыя наладжваць уласны бізнэс. Але яны не маюць для гэтага грошай, таму што не могуць атрымаць крэдыты — банкі працуюць толькі з тымі, хто мае досвед дзейнасці не меней за паўгода.