Павел Севярынец: неабходна будзіць людзей
Каментуючы БелаПАН колькасць удзельнікаў акцыі “Дзяды”, сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец сказаў, што «неабходна будзіць людзей». «Грамадства часцяком апускаецца ў сон, забыццё. Задача актывістаў — іх будзіць», — сказаў Севярынец.
Ён прывёў такі прыклад. Нядаўна палітычныя і грамадскія актывісты праводзілі ў Курапатах талаку з удзелам жыхароў прылеглага мікрараёна Зялёны луг-7. Жыхарам дамоў мікрараёна раздалі каля тысячы ўлётак, на талаку адгукнуліся дзясяткі, а ў актыўны грамадскі рух уліліся адзінкі з іх. «Але хваля актыўнасці, якая ствараецца гэтымі адзінкамі, паслужыць у будучыні, калі сітуацыя ў краіне зменіцца», — лічыць Севярынец.
На яго думку, «Дзяды» павінны быць абвешчаныя мемарыяльным днём на дзяржаўным узроўні. «Улады мусяць не зганяць палкай, а добраахвотна заклікаць людзей удзельнічаць у добраўпарадкаванні памятных месцаў і месцаў гібелі ахвяраў таталітарнага рэжыму. Па тэлебачанні і радыё павінны ісці адпаведныя фільмы і перадачы. Людзі павінны ўспамінаць, што трэба з’ездзіць на магілы да рэпрэсаваных сваякоў», — сказаў Севярынец.
«Курапацкі крыж — гэта пачатак сістэмы каардынат Беларусі, — падкрэсліў ён. — Там пачалося нацыянальнае адраджэнне. Кожны год людзі да яго вяртаюцца. Мы павінны захаваць і перадаць наступнаму пакаленню пачуццё гэтага пункту адліку нацыянальнай сістэмы каардынатаў».