Жыхары вуліцы Лынькова ў Менску адваявалі свой двор
Удала скончылася грамадзянская акцыя на вуліцы Лынькова, 7: жыхары дома адваявалі ў кампаніі “Парфюм Трэйд” зялёную зону і горку для дзяцей.
Коратка нагадаем гісторыю канфлікту. З парушэннем усіх правіл у двары з’яўляецца агароджа, завозяцца будматэрыялы для крамы “Міла”. Народ абурыўся, у шэсць інстанцый былі адпраўлены скаргі.
Перш усё адбывалася, як звычайна: скаргі перакідваліся з інстанцыі ў інстанцыю. Санітарная служба горада, напрыклад, адправіла ліст у архітэктуру, адміністрацыя прэзідэнта – у гарвыканкам. Дэлегацыя з удзелам сябра хрысціянскай дэмакратыі, жыхара дома Віталя Суслава накіравалася ў дзяржбуднагляд.
Мы пацікавіліся ў Віталя пра падрабязнасці іх візіта:
– Мы доўга не маглі звязацца з начальнікам інспекцыі Я.У.Жыжалем. У прыёмны дзень мы яго таксама не заспелі, размаўлялі з намеснікам. У супрацоўнікаў інспекцыі трэсліся рукі. Я не зразумеў, чаго яны так баяцца. Гаварылі, што яны – “людзі паднявольныя” і ўсё такое. Што вінаватых трэба шукаць сярод тых, хто незаконна выдзеліў расійскай кампаніі зямлю. Пералом сітуацыі адбыўся, я ўпэўнены, пасля публікацый у прэсе.
Пасля вывучэння ўсіх абставін аб’ект пазбавілі рэгістрацыі. Заказчыку далі 8 дзён для вызвалення пляцоўкі.
Назаўтра намеснік кіраўніка Фрунзенскай адміністрацыі К.А.Алёхін паклікаў усіх зацікаўленых і адказных асоб. Актывістка Алена Леанідаўна распавяла: “Прадстаўнік “Парфюм Трэйда” паводзіў сябе нахабна, выкручваўся, хлусіў у твар, што ён “забыў” дакументы. Яны робяць што хочуць! 22 верасня спешна абгарадзілі пляцоўку, а дазвол атрымалі 1 кастрычніка. Незразумела, хто ўздумаў выстаўляць гэты пятачок на аукцыён. Мы папросім, каб яго выкраслілі са спісаў”.