МХД Магілёва збіраюць подпісы ў падтрымку змяненняў у сферы аховы здароўя
Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты Магілёва збіраюць подпісы гараджан за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання і іншыя пазітыўныя змены ў сферы аховы здароўя.
Сярод прапанаваных змяненняў – распрацоўка канкрэтнай і даступнай праграмы стымулявання і ўтрымання кадраў, а таксама ўкараненне сацыяльных гарантый пасля размеркавання навучэнцаў. Прапануецца правесці рэвізію медабсталявання; замяніць састарэлае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі анкахворых; замяніць вядзенне дакументазвароту і справаздачнасці лекарамі кампутарным справаводствам, што дазволіць разгрузіць медперсанал і палепшыць сітуацыю з чэргамі. Галоўнае, што прапануецца, – павялічыць выдаткі на ахову здароўя пры распрацоўцы рэспубліканскага і гарадскога бюджэту.
«На самой справе праблем у сферы медабслугоўвання вельмі шмат. Нягледзячы на часам самаадданую працу лекараў, праблемы застаюцца, таму мы хочам сабраць подпісы і падаць калектыўны зварот органам улады для таго, каб гэтыя праблемы вырашаліся», – адзначыў намкаадынатара аргкамітэта МХД у Магілёўскай вобласці Андрэй Бодзілеў.