Гарадзенцы падтрымліваюць прапановы БХД больш актыўна, чым чакалася
У Гародні актывісты сабралі больш подпісаў, чым спадзяваліся, за адмену пастановы ўраду, які абавязвае прыватным прадпрымальнікам мець банкаўскія тэрміналы. Подпісаў сабрана ўжо 1100.
Прадпрымальнікі за апошнія тыдні значна актывізаваліся, кажа Сяргей Верамеенка, актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які збірае подпісы.
– Спадзяваліся дзесьці на 500 подпісаў. Думалі, што нам хопіць, але прадпрымальнікі вельмі прыязна ставяцца да нашай кампаніі, кажуць, што сёння гэта тычыцца вас, а заўтра прыйдуць да нас. Салідарнасць усё ж такі ёсць сярод прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікаў загналі ў такую сітуацыю, што яны ўжо згодныя не толькі збіраць подпісы, але і на больш дзейсныя меры.
Звароты будуць накіраваны ў чатыры ўладныя установы: „савет” міністраў, гарадзенскі аблвыканкам, Нацыянальны Банк, адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Дзеяньне пастановы ураду па ўвядзеньні банкаўскіх тэрміналаў для індывідуальных прадпрымальнікаў пачынаецца з першага студзеня 2016-га году.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара