Хрысціянскія дэмакраты Магілёўшчыны пачынаюць кампанію за справядлівыя выбары (фота)
У Бабруйску адбылася выніковая сустрэча актывістаў і сябраў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Магілёўшчыны па кампаніі назірання “Права выбару-2015”. Удзел у ёй сярод іншых узялі сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, каардынатар па вобласці Таісія Кабанчук, каардынатар кампаніі па вобласці Алег Аксёнаў.
“Назіральнікі з Магілёўскай вобласці больш за ўсіх зафіксавалі парушэнняў у дзень выбараў. І гэта была адна з найбольшых абласцей па колькасці вылучаных назіральнікаў”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Падчас сустрэчы было вырашана працягваць удзел у кампаніі “Права выбару” і далучаць да яе новых людзей. Была пастаўлена задача, што кожны назіральнік на наступную электаральную кампанію прывядзе новых назіральнікаў з ліку сваіх сяброў і знаёмых. Будзе праводзіцца і асветніцкай праца, у прыватнасці, запланаваны распаўсюд інфармацыі пра парушэнні, якія былі зафіксаваныя ў вобласці і краіне. Таксама будзе распачаты збор подпісаў за змены выбарчага заканадаўства.
“У гэты раз далучылася вельмі шмат новых людзей, якія раней не ўдзельнічалі ні ў назіранні, ні ў палітычным ці грамадскім жыцці. Мяркуючы па тым, што яны распавядалі падчас сустрэчы, яны былі глыбока ўражаныя тым цынізмам, з якім выбарчыя камісіі фальсіфікавалі яўку і вынікі галасавання. Пра ніякія свабодныя выбары свабода не ідзе, але вельмі добра, што людзі на свае вочы пабачылі несправядлівасць. Яны ўжо ніколі не застануцца абыякавымі. У іх ёсць жаданне працягваць удзел у жыцці грамадства. Многія з іх далучыліся да Беларускай Хрысціянскаяй Дэмакратыі, распавядаюць пра гэта сваім знаёмым і прыводзяць іх у апазіцыю. Сёння ў Беларусі для таго, каб чалавек перайшоў у апазіцыю да ўлады, дастаткова, каб ён проста стаў назіральнікам у спектаклі пад назвай “выбары”. Пасля ўжо ніхто не падтрымлівае ўлады”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.