Запрашаем на ўстаноўчы сход Хрысціянска-Дэмакратычнага Руху

11 лістапада 2015 21:42  |  Галоўныя навіны

Запрашаем на ўстаноўчы сход Хрысціянска-Дэмакратычнага Руху

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя запрашае на ўстаноўчы сход Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-Дэмакратычны Рух”. На сходзе будзе створана грамадскае аб’яднанне, абмеркаваныя непалітычныя грамадскія кампаніі на бліжэйшыя некалькі год, абранае кіраўніцтва арганізацыі.

Рашэнне аб стварэнні грамадскага аб’яднання было прынята на апошнім з’ездзе БХД, бо Хрысціянская Дэмакратыя ў Беларусі ўжо даўно выйшла за межы палітычнай партыі і стала шырокім грамадскім рухам, які праводзіць шмат непалітычных грамадскіх кампаній.

Кіраўнік аргкамітэту ХДР Вольга Кавалькова:

“Устаноўчы сход грамадскага аб’яднання планаваўся ўжо даўно. Мы вырашылі выкарыстаць менавіта час, калі Еўразвяз даў чатыры месяцы выпрабавальнага тэрміну для беларускіх уладаў. А рэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў, магчымасць легальна дзейнічаць для няўрадавых арганізацый з’яўляецца адной з самых важных рэчаў у справе развіцця грамадскай супольнасці Беларусі, у магчымасці беларусаў уплываць на грамадства. Мэта нашага аб’яднання непалітычная. Хрысціянскія дэмакраты даўно праводзяць кампаніі, якія не з’яўляюцца палітычнымі. Да іх далучаюцца многія людзі-несябры БХД. І мы бачым мэтай гэтай арганізацыі пашыраць кампаніі сацыяльнай накіраванасці: на падтрымку сем’яў, беларускай мовы, развіццё самакіравання, прававой пісьменнасці насельніцтва”.

Пачатак Устаноўчага Схода Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух” 14 лістапада аб 11.00 па адрасе: г. Мінск, вул. Шчорса, 1, апарт-гатэль “Камфорт”, канферэнц-заля №1.

Болей навін