Біскуп Буткевіч: Мы чакаем перадачы віцебскай капліцы на баланс Каталіцкай Царквы
Рэктарат Віцебскага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава станоўча паставіўся да прапановы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча аб перадачы прызначанай пад знос колішняй каталіцкай капліцы ў карыстанне Віцебскай дыяцэзіі.
Некалькі тыдняў таму герарх ініцыяваў перамовы з адміністрацыяй універсітэта – уладальнікам капліцы, рашэнне аб зносе якой выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Як распавёў біскуп Буткевіч карэспандэнту КРЫНІЦЫ.INFO, рэктарат згодны аддаць непатрэбную маёмасць, якая знаходзіцца ў аварыйным стане, каталікам.
“Нягледзячы на тое, што гэты будынак не мае статуса архітэктурнай каштоўнасці, згубіў гістарычнае аблічча, – ён некалі належаў каталікам, ён з’яўляецца помнікам нашай веры, таму мы павінны паклапаціцца аб ім, найперш – захаваць. Далей будзем бачыць, у якім выглядзе мы будзем яго выкарыстоўваць, але, у любым выпадку, мы маем намер яго захаваць і аднавіць”, – кажа герарх.
Міністэрства культуры адмовіла ў прысваенні будынку капліцы XIX стагодддзя, пабудаванай фундатарамі Дунінымі-Слепсцямі, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, паколькі выгляд будынка не адпавядае гістарычнаму.
На дадзены момант станоўчае вырашэнне канфліктнай сітуацыі залежыць ад міністэрства адукацыі, якім прымаюцца рашэнні аб распараджэнні маёмасцю, якая належыць вышэйшым навучальным установам. На думку біскупа Віцебскага, няма ніякіх перашкодаў, каб аддаць капліцу каталікам.
Гаворачы пра фінансавыя выдаткі, якія павінная будзе зрабіць Віцебская дыяцэзія, каб распачаць рамонт і рэстаўрацыю капліцы, якая амаль згубіла першапачатковы выгляд (знішчаныя асаблівасці фасаду, надбудаваны другі паверх), герарх мяркуе, што будзе шукаць падтрымкі ў дабрачынных фундацыях.