Кіраўніцтва БХД і ХДР усклала кветкі да амбасады Францыі (фота)
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказвае спачуванні з нагоды гібелі людзей у серыі тэрактаў у Парыжы народу Францыі і сваякам усім загінулым. У сувязі з трагедыяй сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-Дэмакратычнага Руху Вольга Кавалькова 14 лістапада ўсклалі кветкі да будынку французскай амбасады ў Менску.
Таксама 14 лістапада кветкі да французскай амбасады ўсклала група хрысціянскіх дэмакратаў на чале з сустаршынёй БХД Паўлам Севярынцам і каардынатарам БХД па Менскай вобласці Паўлам Пракаповічам.
«Тэракты ў Францыі, якія пазбавілі жыццяў больш чым паўтары сотні нявінных чалавек – жахлівая з’ява, якая кранае кожнага чалавека, дзе б ён не жыў. Тэрарызм – гэта агідная і баязлівая з’ява. Павялічваць агіднасць тое, што тэрарысты выкарыстоўваюць зброю супраць нявінных і безабаронных ахвяраў, якія ім не могуць адказаць. Часта іх ахвярамі робяцца дзеці. Тэракты ў Францыі, на жаль, ужо нярэдкасць. Гэта азначае, што сучасны свет уступіў у новую эпоху, дзе тэракты з чалавечымі ахвярамі робяцца штодзённасцю», – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
На яго думку, адказнасць за трагедыю нясе не толькі ісламскі радыкальны тэрарызм, але таксама і палітыкі, для якіх «прагматызм і імгненная выгада сталі вышэй за каштоўнасці». «Падтрымка дыктатур, супраца з аўтарытарнымі рэжымамі рыхтуе глебу для тэрарызму. Усе тыя палітыкі дэмакратычных краін, якія следуюць заветам Макіявелі, заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека, для якіх галоўнае – іх кар’ера і прагматызм, – яны рыхтуюць глебу для тэрарыстычнай вайны па ўсім свеце. Бо адказам на гвалт ёсць заўсёды гвалт. Я спадзяюся, што тэракт у Францыі стане крокам для пераасэнсавання палітыкі дэмакратычных краін па ўсім свеце з тым, каб ніводнае жыццё не было страчана ў выніку тэрарыстычных атак і войнаў», – дадаў сустаршыня БХД.