Павал Севярынец прыехаў на пахаванне Віктара Сырыцы
Развітацца з лідарам Баранавіцкай філіі ТБМ Віктарам Сырыцам 13 лістапада прыйшлі ягоныя сябры, вучні, калегі і вядомыя грамадскія дзеячы.
На пахаванне прыехалі старшыня руху «За свабоду», экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, грамадскі ды палітычны дзеяч, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, палітык і публіцыст Павел Севярынец, а таксама многія іншыя палітыкі, журналісты і ўсе, хто паважаў і цаніў Віктара Антонавіча.
Лідар баранавіцкай дэмакратычнай супольнасці, вядомы гісторык-даследчык, патрыёт Віктар Сырыца раптоўна памёр 9 лістапада ўранку. Яму было 62 гады.
Краязнаўца меў шмат публікацый у перыядычных выданнях, некаторы час працаваў намеснікам дырэктара Баранавіцкага недзяржаўнага эканоміка-юрыдычнага каледжа.
Але найбольшы ўнёсак у жыццё рэгіёну Віктар Сырыца зрабіў як старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ, якую ўзначальваў 18 гадоў.
Пахавалі Віктара Сырыцу на могілках «Русіна».