Тэракт у Парыжы – не толькі ісламізм

16 лістапада 2015 10:13  |  Галоўныя навіны

Тэракт у Парыжы - не толькі ісламізм

Беларуская хрысціянская дэмакратыя выказвае спачуванні з нагоды гібелі людзей у серыі тэрактаў у Парыжы народу Францыі і сваякам усіх загінуўшых.

Тэракты ў Францыі, якія пазбавілі жыццяў больш чым паўтары сотні нявінных чалавек – жудасная трагедыя. Тэрарызм – агідная і баязлівая з’ява. Тэрарысты выкарыстоўваюць зброю супраць нявінных і безабаронных ахвяр, якія ім не могуць адказаць. Часта іх ахвярамі становяцца дзеці. Апраўдання гэтаму няма.

Як няма апраўдання і палітыцы «Realpolitik», якая спраўджвае падтрымку дыктатараў лозунгам «наш сукін сын»…

У кожнай трагедыі ёсць свае прычыны. Крывавая ноч у Парыжы не тлумачыцца адным ісламскім тэрарызмам. Прагматычная палітыка Захаду, які не аднойчы закрываў вочы на парушэнне правоў чалавека, падтрымліваў дыктатарскія, але выгадныя на той ці іншы момант, рэжымы па ўсім свеце – адна з прычын гэтай і многіх іншых трагедый.

Адказнасць за парыжскую трагедыю нясуць таксама і палітыкі, для якіх прагматызм і імгненная выгада сталі вышэй каштоўнасцяў. Падтрымка дыктатур, супрацоўніцтва з аўтарытарнымі рэжымамі рыхтуе глебу для тэрарызму, выкормліваць радыкальныя рухі ў гэтых краінах. Усе палітыкі дэмакратычных краін, якія, следуючы запаветам Макіявелі, заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека, для якіх галоўнае – персанальная кар’ера і дабрабыт, – рыхтуюць глебу для новых рэвалюцый і тэрарыстычнай вайны па ўсім свеце. Адказам на гвалт ёсць заўсёды гвалт. Падтрымка дыктатараў, што ўціскаюць свае народы, рана ці позна выбухае бомбамі тэрарыстаў, выбухае сотнямі ахвяраў.

Застаецца спадзявацца, што трагедыя ў Францыі стане крокам для пераасэнсавання палітыкі дэмакратычных краін па ўсім свеце з тым, каб ні адно жыццё не было страчана ў выніку тэрарыстычных нападаў і войнаў.

P.S. На фота – былы прэзідэнт Францыі Сарказі і Муамар Кадафі, раней абвінавачаны ў спансаванні сусветнага тэрарызму. Падчас пампезнага прыёму ў Парыжы ў снежні 2007 года… За 3 гады да рэвалюцыі ў Лівіі.

Візіт Кадафі ў Францыю выклікаў шмат пратэстаў. Але прагматызм пераважыў – Парыж і Трыпалі заключылі мільярдныя кантракты. Праз 3 гады рэжым Кадафі быў зрынуты ў выніку крывавай рэвалюцыі.

Віталь Рымашэўскі

Болей навін