Пасля зваротаў актывісткі БХД на рынку “Ждановічы” з’явіліся новыя выхады

17 лістапада 2015 10:52  |  Галоўныя навіны

Пасля зваротаў актывісткі БХД на рынку “Ждановічы” з’явіліся новыя выхады

Гандлёвы рынак “Ждановічы” – адзін з самых людных у сталіцы. Ён размешчаны вузкай паласой уздоўж чыгуначных пуцей і з двух бакоў падперты агароджамі: глухой бетоннай – ад чыгункі і глухой металічнай – ад вуліцы Ціміразева. Уваходаў і выхадаў у адкрыты рынак з абодвух бакоў надзвычай мала, і тыя знутры паспрабуй адшукай, бо яны візуальна не абазначаны.

Актывістка аргкамітэту БХД, пісьменніца Галіна Каржанеўская звярнулася ў МНС Ленінскага раёна з пытаннем, наколькі запруджаны будынкамі, аўтамабілямі і наведвальнікамі рынак адпавядае існуючым правілам бяспекі. Адказ быў нейкім расплывістым, аднак з яго можна зразумець, што аўтару зварота раяць самой звярнуцца ў адміністрацыю Гандлёвага Дома на прадмет таго, што яе хвалюе.

Як высветлілася пазней, колькасць і абазначанасць выхадаў у месцах скаплення народу, у тым ліку на рынках, не рэгламентавана ў Рэспубліцы Беларусь ніякімі нарматыўнымі дакументамі (?!).

Не задаволеная адказам раённага аддзела, Г.Каржанеўская патурбавала Мінскае гарадское ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У адказе ратавальнікі спаслаліся на “Правілы пажарнай бяспекі”, як быццам іншых выклікаў і небяспечных сітуацый у нас быць не можа. Акрамя таго, у лісце за подпісам першага намесніка начальніка ўпраўлення В.П.Тулая гаварылася, што планавая праверка ў маі месяцы не выявіла парушэнняў па пытанні ўстройства ўваходаў і выхадаў з тэрыторыі адкрытага ранка.

Нягледзячы на цалкам бюракратычныя адказы, дадатковыя выхады на прыпынкі транспарту з рынка ўсё ж адкрылі. Так што перапіска з ведамствам дала канкрэтны вынік.

Пасля зваротаў актывісткі БХД на рынку “Ждановічы” з’явіліся новыя выхады

Болей навін