Актывісты БХД Маладэчна распачалі кампанію за якасную медыцыну (фота)
Актывісты БХД Маладэчна распачалі кампанію за якасную медыцыну, ініцыяваную аргкамітэтам па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Жыхары Маладэчна з энтузіязмам адгукаюцца на прапанову паставіць свой подпіс пад зваротам да ўладаў з мэтай паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг, бо праблемы здароўя і медыцыны хвалююць кожнага.
Як адзначыў каардынатар аргкамітэту БХД у Маладэчне Раман Ганчароў: “ У горадзе не хапае кваліфікаваных медыцынскіх кадраў. Асабліва адчуваецца востры недахоп адмыслоўцаў у вузкіх галінах медыцыны: афтальмолагаў, оталарынголагаў, алерголагаў… Патрапіць на прыём да патрэбнага доктара бясплатна амаль немагчыма, людзі гадзінамі чакаюць у чэргах, і нават атрыманы талон на прыём не гарантуе, што прыём адбудзецца”.
На думку каардынатара аргкамітэту БХД Паўла Пракаповіча, “падтрымка медыцынскай сферы і медработнікаў не ўваходзіць у прыярытэты Лукашэнкі”. “Напэўна, таму, што высокія заробкі і інвестыцыі ў медыцынскую сферу прывядуць не толькі да больш якаснага і працяглага жыцця беларусаў, але і да павелічэння пенсійных выдаткаў, што немэтазгодна пры сённяшнім стане лукашэнкаўскай эканомікі. Больш важна аддаваць прыярытэт фінансаванню вялікай колькасці міліцыі і спецслужбаў, што дапамагае падтрымліваць страх у беларускім грамадстве і дазваляе ўтрымліваць незаконную ўладу. Для бюджэту, па разуменні ўладаў, замест падтрымкі дактароў, настаўнікаў альбо работнікаў сферы культуры больш мэтазгодна развіваць піва-гарэлачную галіну эканомікі. Гэта і прыбыткова, і не павялічвае працягласць жыцця “народца””, – дадаў ён.