Хто робіць стаўку на алкагольную прадукцыю?
У рамках антыалкагольнай кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі вырашылі праверыць буйныя гандлёвыя сеткі Мінска, і пачалі аб’езд з рэспектабельных гандлёвых цэнтраў “Карона”.
У новым цэнтры на праспекце Пераможцаў пад алкаголь адведзена значная плошча гандлёвай залы, а для зручнасці аматараў Бахуса стэлажы размешчаны блізка ля ўваходу.
У цэнтры на Кальварыйскай выявілася відавочнае жаданне “ўсучыць” бутэльку на кожным кроку. Справа, акрамя шматлікіх стэлажоў з бутэлькамі, абсталяваны аддзел для дарагой імпартнай прадукцыі, ён абазначаны кідкім надпісам. (Дзіўна, чаму яны не падпісваюць хлеб?) На левым уваходзе прапануюцца віны і каньякі, а прама на залу выстаўлены ўпакоўкі з півам.
“Такое ўражанне,– сказала ініцыятар рэйду Галіна Каржанеўская,– што кіраўніцтва гандлёвай сеткі “Карона” лічыць алкаголь самым карысным і неабходным з напіткаў. У бліжэйшай ад майго дома краме няма такога навязлівага продажу спіртнога, яно вынесена ў асобны аддзел збоку ад касаў”.
Актывістка кампаніі Надзея Іюльская лічыць, што збыт алкагольнай прадукцыі павінен ажыццяўляцца ў асобным, выгараджаным у краме месцы: “Не раз даводзілася бачыць, што на зале ў розных месцах размяшчаюць тумбы з бутэлькамі. Каб пакупнік працягнуў руку і ўзяў. Справядліва паднімаецца пытанне, што алкаголь трэба вывесці са спісу прадуктовых тавараў, каб на ім гандляры не выконвалі планы”.
У абодвух гандлёвых цэнтрах пакінуты адпаведныя запісы ў кнізе скаргаў з канкрэтнымі прапановамі. Рэйд будзе працягнуты і па іншых гандлёвых сетках сталіцы.