Дэмсілы Беларусі ўзялі ўдзел у сумесным пасяджэнні Паўночнай Рады і Балтыйскай Асамблеі (фота)

08 снежня 2015 09:16  |  Галоўныя навіны

Дэмсілы Беларусі ўзялі ўдзел у сумесным пасяджэнні Паўночнай Рады і Балтыйскай Асамблеі (фота)

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі 7 снежня ўзялі ўдзел у сумесным пасяджэнні Паўночнай Рады (ПР) і Балтыйскай Асамблеі (БА). Удзел у пасяджэнні ўзялі старшыня БА Гедрэ Пурванецкене, старшыня ПР Хёскульдур Туральсан, дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапарламенце Богдан Здруеўскі, а таксама шэраг іншых палітыкаў, дыпламатаў паўночных краін.

З беларускага боку ўдзельнічалі Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Мацкевіч, Мечыслаў Грыб, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч.

На пасяджэнні абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, мінулыя выбарчыя кампаніі, шляхі супрацы з Беларуссю Еўрапейскага Звяза, Паўночнай Рады і Балтыйскай Асамблеі.

«Заходнія палітыкі разумеюць, што ў Беларусі адсутнічаюць свабодныя і сумленныя выбары. Тым не менш, сярод іх ёсць памкненне супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі. І гэты фармат супрацы можа быць вельмі небяспечным. Таму сёння, як ніколі дэмакратычным сілам Беларусі, не толькі палітычным партыям, але і грамадскай супольнасці, трэба яднацца дзеля таго, каб адным голасам размаўляць і з беларускім грамадствам, і з міжнароднай супольнасцю. У адваротным выпадку тэндэнцыя супрацы з уладамі Беларусі можа набыць небяспечныя абрысы і ператварыцца ў падтрымку дзеючых уладаў», – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, беларускія ўдзельнікі за выключэннем хіба адной арганізацыі былі едныя ў тым, што ў Беларусі не адбылося ніякіх станоўчых зменаў на шляху да дэмакратыі, і таксама ў тым, што стаўка на “ліберальную” частку беларускай улады, якая нібы правядзе рэформы, дарэмныя. “Было падкрэслена, што рэформы ў Беларусі мусяць быць сістэмнымі, а не дэкаратыўнымі. Асноўныя патрабаванні, якія выстаўляюць дэмакратычныя сілы, – гэта свабодныя выбары, свабода дзеянняў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, свабода СМІ”, – падкрэсліў палітык.

Болей навін