Беларускія правацэнтрысты: Мы не ўдзельнічаем у “выбарах” па сцэнары ўладаў
У Менску 13 снежня адбылася прэс-канферэнцыя, у якой узялі ўдзел сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні “Руху За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
На прэс-канферэнцыі была прэзентавана супольнае пасланне трох сілаў да беларускага грамадства, уладаў Беларусі і міжнароднай супольнасці. У прыватнасці, у ім адзначаецца, што для дасягнення рэальных дэмакратычных зменаў і Беларус і рэалізацыі права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары, неабходна:
1. Змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку нормы і правілы, якія гарантуюць: 1) безумоўнае ўключэнне прадстаўнікоў усіх палітычных партый і зарэгістраваных кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; 2) празрысты падлік галасоў. Права назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю, што датычыцца выбараў, бачыць змесціва выбарчых бюлетэняў, фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі, а таксама атрымаць афіцыйную копію пратакола; 3) датэрміновае галасаванне і галасаванне дома можа захвацца толькі пры пісьмовым падцверджанні немагчымасці прагаласаваць у дзень выбараў на ўчастку.
2. зарэгістраваць усе дэмакратычныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі, такія як БХД , “Вясна” і іншыя. Унесці ў заканадаўства неабходныя і прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі змены, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці, адмяніць артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь і спыніць пераслед палітычных апанентаў, у тым ліку па месцы вучобы і працы, гарантаваць бяспечнае вяртанне палітычных эмігрантаў, рэабілітаваць грамадзян, асуджаных па палітычных матывах, і адмяніць абмежаванні іх правоў;
3. стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, спрасціць сістэму іх рэгістрацыі, адмяніць незаконныя абмежаванні на выданне і распаўсюджванне незалежных СМІ.
Адсутнасць магчымасці грамадзян абіраць уладу ўмацоўвае карумпаваную сістэму ўлады і робіць немагчымым паспяховае правядзенне эканамічных і сацыяльных рэформаў. БХД, АГП і РЗС таксама звяртаюцца да ўсіх міжнародных партнёраў з прапановай наўпрост звязаць пытанне аб поўным зняцці візавых і фінансавых абмежаванняў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў з выкананнем указаных патрабаванняў.
“Мэта і стратэгія нашага сёння аб’яднання – новая канцэпцыя аб’яднання дэмакратычных сілаў, заснаваная на супольных каштоўнасцях. Наша галоўная задача – распаўсюд кансерватыўных каштоўнасцяў у беларускім грамадстве. Мы будзе распрацоўваць праекты рэформаў у кожнай важнай галіне і дамагацца іх рэалізацыі, праводзіць шырокія грамадскія кампаніі ў гэтым кірунку. Першачарговай задачай для нас на час часовага прыпынення санкцый з боку еўрапейскага звязу з’яўляецца кампанія па змене выбарчага заканадаўства з мэтай, каб у Беларусі адбыліся свабодныя і дэмакратычныя выбары. Па выніках гэтага першага кроку ў нас будзе спрацаваная стратэгія супольных дзеянняў надалей”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Юрась Губарэвіч, адказваючы на пытанне чым план дзеянняў правацэнтрыстаў адрозніваецца ад дзеянняў “Гавары Праўду!”, заявіў, што “ў Беларусі няма выбараў і мы не павінны ў гэтым удзельнічаць па сцэнары беларускіх уладаў”.
Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу распавёў пра вынікі сустрэчаў, якія прадстаўнікі БХД, АГП і РЗС правялі ў ЕС. Ён падкрэсліў важнасць “пераўтварыць Еўрапейскую народную партыю ў нашага хаўрусніка – вельмі істотна, гэта можа ўзмацняць нас і на міжнароднай арэне і ўнутры Беларусі».
Таксама анансаванае падпісанае пагадненне аб супольнай кампаніяй назірання паміж БХД, АГП, РЗС, ПБНФ, БСДП(Г). Ідзе таксама працэс ратыфікацыі гэтага пагаднення незалежнымі прафсаюзамі РЭП.