Рэзалюцыя З’езда БХД: “Прэзідэнцкія выбары сфальсіфікаваныя”
Прадстаўляем вашай увазе рэзалюцыю З’езда БХД “Прэзідэнцкія выбары сфальсіфікаваныя”, прынятую 12 снежня ў Мінску.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прымала самы актыўны ўдзел у кампаніі назірання “Права выбару – 2015”. На падставе вынікаў назірання мы канстатуем:
1. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі несвабоднымі і несправядлівымі, падлік галасоў адбываўся непразрыста, а агучаныя выбарчымі камісіямі вынікі не вартыя даверу. У кампаніі знайшлі працяг усе негатыўныя практыкі, якія раней былі прадметам крытыкі нацыянальных і міжнародных назіральнікаў.
2. Тэрытарыяльныя (ТВК) і ўчастковыя (УВК) выбарчыя камісіі былі сфармаваныя з рэкордна малым удзелам прадстаўнікоў апазіцыі. Вылучаным прадстаўнікам апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў у абсалютнай большасці выпадкаў было беспадстаўна адмоўлена ва ўключэнні ў склад камісій. Механізм судовага абскарджваньня рашэнняў пра фармаванне камісій не працуе як эфектыўны сродак аднаўлення справядлівасці і не стварае гарантый рэпрэзентацыі ўсіх палітычных сілаў у складзе камісій.
3. Нягледзячы на адносна вольныя ўмовы правядзення пікетаў дзеля збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі пры вылучэнні кандыдатаў і правядзення агітацыйных мерапрыемстваў зарэгістраванымі кандыдатамі, свабода сходаў для іншых суб’ектаў была істотным чынам абмежаваная нормамі заканадаўства пра правядзенне масавых мерапрыемстваў і абмежавальнай праваўжывальнай практыкай.
4. Адмова ад дзяржаўнага фінансавання перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў негатыўна паўплывала на характар кампаніі, зрабіўшы яе малабачнай для выбаршчыкаў. Зафіксавана масавае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і незаконнае фінансаванне агітацыйнай кампаніі дзеючага Прэзідэнта з дзяржаўнага бюджэту. Крыніцы папаўнення выбарчых фондаў былі па-за межамі грамадскага кантролю, публікаваліся толькі агульныя дадзеныя пра памер фондаў. Ва ўмовах татальнага кантролю выканаўчай улады за эканомікай і дамінавання дзяржаўных прадпрыемстваў на рынку дзеючы Прэзідэнт меў непараўнальна большыя магчымасці для прыцягнення сродкаў у выбарчы фонд, што парушае прынцып роўнасці кандыдатаў.
5. Датэрміновае галасаванне суправаджалася разыходжаннямі паміж паказчыкамі яўкі, агучанымі УВК, з паказчыкамі яўкі, зафіксаванымі назіральнікамі. Адзначаныя маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў, што маглі быць скіраваныя на штучнае павелічэнне паказчыкаў яўкі. У шэрагу выпадкаў на ўчастках зафіксаваныя наўпроставыя фальсіфікацыі і падлог, у тым ліку змяненне раней складзеных пратаколаў УВК.
6. На пераважнай большасці участкаў, дзе ажыццяўлялася назіранне, падлік галасоў адбываўся не празрыста і не галосна, назіральнікі не мелі магчымасці пераканацца ў сапраўднасці агучаных УВК лічбаў. У большасці выпадкаў УВК пры падліку галасоў не працавалі як калегіяльны орган, і ў абсалютнай большасці выпадкаў сябры камісій лічылі ўласнаручна толькі частку бюлетэняў, агульны вынік па ўчастку падводзіў старшыня ці сакратар УВК, а іншыя сябры камісіі і назіральнікі не мелі магчымасці пераканацца, што агучаная ў выніковым пратаколе сумарная лічба сапраўды адпавядае рэальным вынікам падліку на ўчастку.
7. УВК стваралі неспрыяльныя ўмовы для назіральнікаў, беспадстаўна забаранялі ім рабіць фота- і відэаздымкі на ўчастках, у шматлікіх выпадках выдалялі назіральнікаў з участкаў. Зафіксаваны ціск на назіральнікаў па месцы працы з мэтай вымусіць іх да адмовы ад удзелу ў назіранні, а таксама ціск на ўдзельнікаў кампаніі назірання па заканчэнні выбараў, у тым ліку звальненні з працы.
У сувязі з вышэйпералічанымі фактамі грубых парушэнняў пры правязенні выбарчай кампаніі, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе, што:
1) Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца дэмакратычнымі, калі яны праходзяць у краіне, дзе існуюць палітычныя зняволеныя.
2) Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца празрыстымі ва ўмовах абмежавання правоў палітычных партый і структур грамадзянскай супольнасці, свабоды прэсы, мітынгаў і сходаў.
3) Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца законнымі, калі іх вынікі атрыманыя пры дапамозе фальсіфікацый, ва ўмовах няроўнасці палітычных сіл пры фарміраванні выбарчых камісій, абмежаванні рэальных магчымасцяў забеспячэння кантролю і вядзення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў, а таксама адсутнасці магчымасці правядзення незалежных сацыялагічных даследаванняў і інструментаў рэальнай абароны інтарэсаў выбаршчыкаў і кандыдатаў у судзе.
Мы заяўляем, што сення беларускі народ пазбаўлены права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фарміраваць ўсе ўзроўні ўлады ў краіне.
З’езд партыі БХД даручае Нацыянальнай Радзе БХД:
1. Падрыхтаваць і супольна з іншымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі правесці кампанію назірання “Права выбару – 2016”;
2. Правесці перамовы з іншымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і арганізаваць супольныя палітычныя кампаніі дзеля выканання гэтых патрабаванняў.
Мінск 12.12.2015