Рэзалюцыя З’езда БХД: “За свабодныя і справядлівыя выбары”
Прадстаўляем вашай увазе рэзалюцыю З’езда БХД “За свабодныя і справядлівыя выбары”, прынятую 12 снежня ў Мінску.
Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты заяўляюць, што для рэальнай змены рэалізацыі права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары, неабходна выканаць наступныя ўмовы:
1. Змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку нормы і правілы, якія гарантуюць:
a) безумоўнае ўключэнне прадстаўнікоў усіх палітычных партый і зарэгістраваных кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў;
b) права назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю, што датычыцца выбараў, бачыць змесціва выбарчых бюлетэняў, фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі, а таксама атрымаць афіцыйную копію пратакола;
c) датэрміновае галасаванне і галасаванне дома можа захвацца толькі пры пісьмовым падцверджанні намагчымасці прагаласаваць у дзень выбараў на ўчастку.
2. Зарэгістраваць усе дэмакратычныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі, такія як БХД , “Вясна” і іншыя. Унесці ў заканадаўства неабходныя і прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі змены, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці, адмяніць артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь і спыніць пераслед палітычных апанентаў, у тым ліку па месцы вучобы і працы, гарантаваць бяспечнае вяртанне палітычных эмігрантаў, рэабілітаваць грамадзян, асуджаных па палітычных матывах, і адмяніць абмежаванні іх правоў;
3. Стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, спрасціць сістэму іх рэгістрацыі, адмяніць незаконныя абмежаванні на выданне і распаўсюджванне незалежных СМІ.
Хрысціянскія дэмакраты патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага выканання вышэйпералічаных патрабаванняў.
Адсутнасть магчымасці грамадзян абіраць уладу ўмацоўвае карумпаваную сістэму ўлады і робіць немагчымым паспяховае правядзене эканамічных і сацыяльных рэформаў.
З гэтай прычыны мы заклікаем дэмакратычныя сілы Беларусі, а таксама ўсіх грамадзян краіны да правядзення супольных грамадскіх кампаній, накіраваных на падтрымку вышэйпералічаных патрабаванняў.
Мы таксама звяртаемся да ўсіх міжнародных партнераў з прапановай наўпрост звязаць пытанне аб поўным зняцці візавых і фінансавых абмежаванняў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў са змяненнем Выбарчага Кодэкса i правядзеннем сумленных, свабодных парламенцкіх выбараў у 2016 годзе.
Мінск 12.12.2015