Адозва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Аб стратэгічных задачах БХД
Прадстаўляем вашай увазе Адозву Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Аб стратэгічных задачах БХД”, прынятую на з’ездзе БХД 12 снежня.
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ, НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДЗІНСТВА, НЕГВАЛТОЎНЫ СУПРАЦІЎ.
Хрысціянскія дэмакраты Беларусі, разумеючы сваю адказнасць і усведамляючы свой абавязак перад беларускім народам дзеля абароны яго імкнення да незалежнасці, свабоды, годнага эканамічнага забеспячэння, будаўніцтва прававой дзяржавы, нацянальнай ды культурнай ідэнтычнасці, канстатуюць:
Беларускія грамадзяне сёння пазбаўленыя права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фармаваць усе ўзроўні ўлады ў краіне. Мэтай дзеянняў ўсёй сістэмы кіравання стаў не рост дабрабыту беларусаў і іх сем’яў, а ўмацаванне рэпрэсіўнага механізму і кансервацыя сітуацыі, якая склалася.
Улічваючы нарастаючую пагрозу суверэнітэту нашай краіны з боку Расіі, у тым ліку праз спробы ўцягнуць Беларусь у мілітарызаванае супрацьстаянне з дэмакратычнымі краінамі, размяшчэнне расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыі Беларусі, падпісання вайсковых пагадненняў, стварэнне і падтрымку антыбеларускіх арганізацый у нашай краіне і інш.
Адзначаючы, што паспяховае рэфармаванне і устойлівае развіцце краіны магчымае толькі на падмурку трывалых каштоўнасцей.
Разумеючы, што раз’яднанасць дэмакратычных сілаў Беларусі спрыяе ўмацаванню аўтарытарнага рэжыму,
Беларускія хрысціянскія дэмакраты стратэгічнымі задачамі сваёй дзейнасці вызнаюць:
– абарону і распаўсюд ХРЫСЦІЯНСКА-ДЭМАКРАТЫЧНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ у беларускім грамадстве, у тым ліку праз распрацоўку пакрокавых праектаў рэформаў краіны на каштоўнасным падмурку і правядзенне грамадскіх кампаній у іх падтрымку;
— НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДЗІНСТВА праз аб’яднанне грамадзян Беларусі ў падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў. Першым крокам дзеля гэтага мы бачым яднанне дэмакратычных сілаў краіны на глебе супольных каштоўнасцей і супрацы ў правядзенні палітычных ды грамадскіх кампаній;
— распаўсюд новай палітычнай культуры, заснаванай на НЕГВАЛТОЎНЫМ ЗАМАГАННІ як падставовым прынцыпе нацыянльнай палітыкі.
Галоўнымі прыярытэтамі нашай працы стануць:
– Правядзенне сумленных выбараў у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і рэкамендацыямі АБСЕ;
– Абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь;
– Абарона права на жыццё кожнага чалавека;
– Захаванне і развіццё беларускай культуры і беларускай мовы;
– Абарона эканамічных і прававых інтарэсаў грамадзян краіны.
Ініцыяванне рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы дзеля забеспячэння дабрабыту грамадзян Беларусі;
– Грамадзянскі кантроль за дзеяннямі выканаўчай улады і барацьба з карупцыяй;
– Уцягванне грамадзян у грамадскія і палітычныя кампаніі па абароне сваіх правоў, абароне незалежнасці і дэмакратыі;
– Наладжвання стратэгічнага партнёрства з краінамі «Усходняга партнёрства», Еўразвязу.
– наладжванне стасункаў з дэмакратычнымі сіламі Расейскай Федэрацыі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя даручае сустаршыням БХД, Адказнаму сакратару і Управе зрабіць неабходныя захады дзеля практычнага выканання пастаўленых мэтаў.