Абраны новы лідар магілёўскіх МХД
У Магілёве 13 снежня адбыліся выбары новага мясцовага лідара Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў. “Пасля падзей “Плошчы 2010″ больш моладзі зацікавіліся хрысціянскай дэмакратыяй. Мы не толькі захавалі сваё ядро ў Магілёве, але і далучылі новых актыўных людзей”, – заявіў на сходзе гісторык Яўген Дудкін, які ўзначальваў магілёўскіх МХД тры гады.
Паводле яго, за гэты час удалося правесці шэраг акцый. Пры гэтым выкарыстоўваліся нешаблонныя формы працы, акцэнт рабіўся на сацыяльныя праекты, задачы ставіліся рэальныя, сцвярджаў Дудкін.
Ён таксама адзначыў, што БРСМ, які лічыцца самай масавай маладзёжнай арганізацыяй у Беларусі, “не працуе”. “Моладзь у іх зняверыліся. У іх адсутнічае падтрымка. Ёсць пустэча, якую трэба запаўняць”, – заявіў Яўген Дудкін.
Адыходзячы лідар прапанаваў прысутным аргкамітэту па стварэнні арганізацыі МХД у Магілёве абраць на сваё месца Андрэя Бодзілева. Кандыдатура была падтрыманая большасцю галасоў.
Ізноў абраны магілёўскі лідар у першую чаргу распавёў аб планах Аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па ўдзелу ў парламенцкай кампаніі 2016 года, якая павінна прайсці не пазней за верасень будучага года.
У цяперашні час, па словах Бодзілева, маладыя хрысціянскія дэмакраты ставяць перад сабой задачу інфармавання насельніцтва аб рэальным стане спраў у Беларусі і прыцягненні ў свае шэрагі новых членаў. Таксама яны маюць намер дамагацца ільготнага праезду для студэнтаў у грамадскім транспарце, павышэння стыпендый для навучэнцаў.
Новы лідар закрануў таксама тэму Балонскага працэсу, да якога ў 2015 годзе далучылася Беларусь. “Што такое Балонскі працэс, студэнтам ніхто не тлумачыць. Мы маем намер працаваць у гэтым кірунку”, – сказаў ён.
На сходзе была таксама абрана рада мясцовага аргкамітэта БХД у складзе пяці чалавек.
Маладых аднадумцаў вітаў гарадскі каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алег Аксёнаў, які пажадаў ім прыцягнення ў свае шэрагі новых членаў.