Шэсць структур падпісалі пагадненне аб супольнай кампаніі назірання

15 снежня 2015 12:07  |  Галоўныя навіны

Шэсць структур падпісалі пагадненне аб супольнай кампаніі назірання

Шэсць структур падпісалі пагадненне аб удзеле ў супольнай кампаніі назірання падчас парламенцкай кампаніі 2016 года. Сярод падпісантаў аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская Сацыял-Дэмакратычныя Партыя (Грамада), якія ўжо ўдзельнічалі разам у кампаніі назірання «Права выбару», а таксама Аб’яднаная Грамадзянскай Партыя і Прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

«Аб’яднанне дэмакратычных сілаў і супольныя дзеянні – адна з нашых стратэгічных задач. Беларускія ўлады кожны раз імкнуцца да легалізацыі сваёй дзейнасці праз выбарчыя працэсы, але назіральнікі штораз паказваюць іх неадпаведнасць дэмакратычным нормам. Кампанія назірання «Права выбару» ўжо паказала сваю эфектыўнасць, і сёння ў нас ужо ў 2-3 разы больш назіральнікаў, чым было падчас мінулай кампаніі. Мы будзем дамагацца права на сумленныя і празрыстыя выбары, рэальны падлік рэальных галасоў, і арганізоўваць сапраўды народнае назіранне», – падкрэсліў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

У сваю чаргу лідар прафсаюзаў РЭП Генадзь Фядыніч адзначыў, што сябры прафсаюзаў не першы год удзельнічаюць у назіранні, а падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі прафсаюз быў сатэлітам кампаніі «Права выбару». «Мы шмат закрылі ўчасткаў, нядрэнна працавалі і мелі сапраўдную інфармацыю пра «выбары» ад нашых сябраў. І цяпер было прынята рашэнне аб удзеле прафсаюзе ў кампаніі назірання нароўні з іншымі дэмакратычнымі структурамі», – дадаў ён.

«У выбарчым працэсе вельмі важна не толькі правесці кампанію, зацікавіць сабой выбаршчыкаў і ўскладаць потым надзею на іх падтрымку, бо часам няма пераканання, што гэтыя галасы нідзе па дарозе не згубяцца. А каб рабіць нейкія высновы наконт таго, ці былі справядлівымі, празрыстымі і дэмакратычнымі выбары, трэба мець назіральнікаў – людзей, якія будуць сачыць за ходам выбараў. Таму важна і як выбаршчыкі галасуюць, але і найбольш важна – падлік галасоў. Пакуль, на жаль, я не бачыла за ўвесь час свайго назірання правільнасці іх падліку. Назіранне дае магчымасць сабраць фактычны матэрыял аб тым, наколькі дэмакратычнымі, справядлівымі і празрыстамі былі выбары, і на падставе гэтага рабіць адпаведныя высновы», – заявіла старшыня БСДП(Г) Ірына Вештард.

Болей навін