БХД пачынае другі этап кампаніі ў абарону жыцця
Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя на ўстаноўчым з’ездзе 12 снежня пастанавіла вызначыць абарону жыцця як адну з прыярытэтных і найважнейшых задач дзейнасці партыі. Канчатковая мэта – змены заканадаўства і спыненне практыкі забойстваў немаўлятаў. У сувязі з гэтым у 2016 года вырашана распачаць другі этап нацыянальнай кампаніі “У абарону жыцця”.
Дзеля гэтага будуць падрыхтаваныя новыя прапановы па змяненні заканадаўства, праведзены збор подпісаў грамадзян у іх падтрымку; супольна з хрысціянскімі цэрквамі – шэраг мерапрыемстваў у падтрымку кампаніі; праведзена інфармацыйная кампанія ў СМІ, шэраг адукацыйных мерапрыемстваў па інфармаванні актывістаў БХД і грамадзян краіны пра каштоўнасць жыцця і неабходнасць яго абароны. Таксама плануецца выдаць друкаваныя інфармацыйныя інфарматыўныя матэрыялы для інфармавання насельніцтва аб кампаніі.
“Яны (зачатыя дзеці – рэд.) не маюць ніякіх правоў, не маюць нават магчымасці вымавіць слова ці падаць голас плачу ў сваю абарону. Таму першачарговы абавязак беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў – абараніць права на жыццё кожнага дзіцяці”, – гаворыцца ў пастанове з’езду.
Там адзначаецца, што ў 2012-2014 гадах беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі былі падрыхтаваныя змены закона «Аб ахове здароўя», сабраныя тысячы подпісаў грамадзян у іх падтрымку, у выніку чаго былі адмененыя ўсе, акрамя двух, сацыяльных паказчыкаў для абортаў, лекары атрымалі права на адмову ад правядзення аборту, а ўстановы аховы здароўя абавязалі праводзіць перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне.
“Такія вынікі даюць нам сілы і натхненне працягваць працу ў абарону жыцця, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў”, – гаворыцца ў пастанове.