Кавалькова: дазвол недзяржаўным клінікам выпісваць бальнічныя – добра, але недастаткова

16 снежня 2015 14:31  |  Галоўныя навіны

Кавалькова: дазвол недзяржаўным клінікам выпісваць бальнічныя – добра, але недастаткова

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя вітае рашэнне ўладаў дазволіць прыватным медычным цэнтрам выдаваць бальнічныя даведкі. Гэта было адным з патрабаванняў кампаніі БХД «За якасную медыцыну», адзначыла кіраўнік кампаніі Вольга Кавалькова.

“Гэта было адно з нашых патрабаванняў да ўладаў у межах кампаніі, якую Беларуская хрысціянская дэмакратыя праводзіць з 2014 года. Тысячы подпісаў грамадзян з родных гарадоў Беларусі былі накіраваны ў мінаховы здароўя, палату прадстаўнікоў і савет міністраў. Дзякуй усім, хто далучыўся да кампаніі, каб зрабіць нашу медыцыну лепш, і асабліва нашым актывістам з Віцебску і Таццяне Севярынец! Рада, што ўжо ёсць поспехі і ўпэўнена, што гэтыя змены будуць спрыяць змяншэнню чэргаў у дзяржпаліклініках і развіваць канкурэнтаздольнасць медустановаў”, – падкрэсліла яна.

Разам з тым з БХД лічыць адну гэтую меру недастатковай і настойвае на прыняцці шэрагу іншых:

1. Забараніць аказанне платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя, што супярэчыць арт. 45 Канстытуцыі.

2. Замяніць вядзенне пісьмовага дакументазвароту лекарамі ў паліклініках і бальніцах кампутарным справаводствам і вызваліць медперсанал ад празмернай справаздачнасці.

3. Распрацаваць канкрэтную і даступную праграму стымулявання і ўтрымання кадраў з указаннем тэндэнцый павышэння аплаты працы медработнікаў і сацыяльных гарантый пасля размеркавання (жыллё і да т.п.).

4. Правесці рэвізію медыцынскага абсталявання ва ўсіх медыцынскіх установах і пераразмеркаваць невыкарыстоўваемую тэхніку ў іншыя медустановы. Замяніць маральна састарэлае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі анкахворых. Забяспечыць комплексамі МРТ ўсе ўстановы, якім яны неабходныя.

5. Праводзіць перыядычнае абследаванне для жанчын, старэйшых за 50 гадоў у мамолага з абвесткай насельніцтва праз СМІ.

6. Праводзячы палітыку імпартазамяшчэння, не парушаць правы пацыента лячыцца прэпаратамі, якія ён згодны купіць за свае грошы і не прымушаць лекараў выпісваць лекі толькі беларускіх вытворцаў.

7. Забяспечыць дзяржаўны заказ сацыяльнай рэкламы, якая будзе інфармаваць аб неабходнасці своечасовага звароту па меддапамогу і бясплатна размяшчаць яе на ТБ і білбордах.

8. Стварыць пазабюджэтны дзяржаўны медыцынскі фонд, сродкі якога будуць фармавацца з акцызаў ад продажу спіртных напояў, тытунёвых вырабаў, падаткаў на гульнявы бізнэс і штрафаў за экалагічныя парушэнні. Сродкі фонду змогуць выкарыстоўвацца для рамонту і мадэрнізацыі медустаноў і набыццё новага абсталявання.

Чарговыя 1000 подпісаў у падтрымку прапаноў БХД былі дасланыя 15 снежня ў Міністэрства аховы здароўя, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў і Міністэрства фінансаў.

Болей навін