У Гомеле абмеркавалі еўрапейскую палітыку ў адносінах да Беларусі
20 верасня ў Гомеле адбылася публічная лекцыя на тэму беларуска-еўрапейскіх адносін. Аналітык Інстытута З. Кухлей выступіў перад прысутнымі з прэзентацыяй наконт існуючага стану і перспектываў развіцця стасункаў паміж афіцыйным Менскам і еўрапейскімі сталіцамі.
Пасля прэзентацыі ўдзельнікі распачалі актыўную дыскусію і выказалі асаблівы інтарэс магчымым зменам у адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам пасля вызвалення палітычных зняволеных.
Таксама былі абмеркаваны прычыны існуючых сціплых беларуска – еўрапейскіх адносін і ўмовы, пры якіх магчымыя змены і паляпшэнне стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Удзельнікі таксама атрымалі друкаваныя матэрыялы наконт розных аспектаў еўрапейскай інтэграцыі, выдадзеных пры падтрымцы ЕЗ.
Удзел у сустрэчы таксама ўзяў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Ён распавёў пра стратэгію міжнароднай палітыкі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.
Даведка. Цыкл публічных лекцый на тэму “Стан і перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам” запланаваны ў васьмі буйных гарадах усіх рэгіёнаў Беларусі на працягу жніўня – кастрычніка. Мэтай гэтай ініцыятывы з’яўляецца пашырэнне сярод рэгіянальных палітычных і грамадскіх актывістаў ведаў наконт існуючага стану і перспектыў развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам. Сачыце за абнаўленнямі на нашым сайце наконт датаў, часу і месцаў сустрэч для ўздзелу ў нашых публічных лекцыях “Стан і перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам”.