У Менску абмеркавалі напрамкі рэфармавання пенсійнай сістэмы Беларусі
У Менску прайшла прэзентацыя альтэрнатыўнай Канцэпцыі развіцця пенсійнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь, распрацаваная Інстытутам развіцця і сацыяльнага рынку па замове Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Распрацавала Канцэпцыю юрыст і аналітык Інстытута Вольга Кавалькова. У абмеркаванні палажэнняў Канцэпцыі прынялі ўдзел незалежны юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў, старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў “Наша пакаленне” Таццяна Зялко і Аляксандр Зялко.
Актыўнымі ўдзельнікамі круглага стала выступілі таксама прадстаўнікі Сеньёрскай арганізацыі аргкамітэту БХД, у тым ліку яе старшыня Наталля Маразевіч і інш. Фактычна ўсе выступоўцы адзначылі неабходнасць правядзення рэформаў у сферы пенсійнага забеспячэння.
Пасля прэзентацыі альтэрнатыўнай Канцэпцыі было вырашана працягнуць яе дапрацоўку з улікам меркавання ўдзельнікаў круглага стала. Дзеля гэтага была створана адмысловая группа пад кіраўніцтвам Вольгі Кавальковай.
Запрашаем таксама далучацца да абмеркавання альтэрнатыўнай Канцэпцыі пенсійнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь. Вы можаце дасылаць Вашыя прапановы на электронны адрас: [email protected]
Канцэпцыя развіцця пенсійнай сістэмы – адзін з 10-ці ключавых праектаў рэформаў “Урад для народа” (сістэма правасуддзя, фінансы, культура, адукацыя, войска, інфармацыя, мэдыцына, ЖКГ, пенсійная сістэма, энэргетыка), мэта якіх – рашучыя перамены і абарона незалежнасці Беларусі.