Віцебскі гарсавет шукае, куды зніклі грошы на паліклініку ў Білева
Куды зніклі грошы на паліклінічны комплекс у Білева з 2010 года? На гэтае і іншыя пытанні страшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч паабяцаў адказаць па выніках сустрэчы з каардынатарам ініцыятывы БХД “За якасную медыцыну ў Віцебску” Таццянай Севярынец, актывістамі Аленай Шабуня і Валерыем Спаткаем 12 студзеня ў прысутнасці галоўнага ўрача горада Станіслава Цітовіча, галоўнага архітэктара Андрэя Макеева і начальніка гарадскога аддзела адукацыі Ігара Кіруценка.
Падчас сустрэчы стала вядома, што і на 2016 год паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева ў планы горада не трапіў, маўляў, трэба забяспечыць хаця б тое, што ёсць.
Затое будаўніцтва паліклінікі на Поўдні-7 (таксама мікрараён Віцебска) зноўку будзе адноўлена, а вось тэрміны заканчэння павіслі ў паветры.
У грамадскіх і біяпрыбіральнях навядуць парадак, а ў паліклініках размесцяць дазатары з мылам і папяровыя рушнікі.
Бясплатнае ўзі ў жаночых кансультацыях павінна быць па паказаннях, а не толькі для цяжарных жанчын, і кошт іх будзе суадносны, а не агульны (дарэчы, С.Цітовіч запэўніваў, што платнае узі каштуе 60-80 тыс. Актывісты яго расчаравалі — 120 тыс. Паабяцаў разабрацца).
Таксама ўзнялі пытанне і аб бясплатным праездзе вучняў у грамадскім транспарце не толькі ў школу і дадому, але і пры іншых патрэбах (гурткі, тэатр, паліклініка і г.д). За гэта паабяцалі хадайнічаць перад аблвыканкамам, які да сёння без гэтых грошай ніяк абыйсціся не можа.
Таксама нагадалі і пра незавершаныя веласіпедныя дарожкі, з чым таксама паабяцалі разабрацца бліжэй да вясны.
Актывісты агучылі пажаданне на сайце гарсавета ці гарвыканкама стварыць спецыяльную старонку для справаздачы па скарыстаных народных грошах. Нагадалі, што няма грошай дзяржаўных, ёсць грошы падаткаплацельшчыкаў, а ўлада павінна служыць людзям. На дзіва, у гарсавеце з гэтым пагадзіліся (На нядаўняй сустрэчы ў гарвыканкаме з намеснікам старшыні Падгурскім такі напамін выклікаў раздражненне апошняга).
Зразумела, навучаныя горкім досведам абяцанняў чыноўнікаў, атрымаўшы пісьмовыя адказы, актывісты будуць і надалей адсочваць, як абяцанні выконваюцца.
Нагадаем, ініцыятыва “За якасную медыцыну ў Віцебску”, якая пашырылася за межы абласнога цэнтра, другі год ужо дамагаецца будаўніцтва абяцаных медыцынскіх устаноў, сканчэння доўгатэрміновых рамонтаў і рэканструкцый паліклінік і бальніц, забеспячэння іх неабходным абсталяваннем і г.д. Ініцыятыва прымусіла і гарадскія, і абласныя ўладныя структуры быць больш адказнымі за планы і абяцанні.