Віталь Рымашэўскі: кіраўніцтва Беларусі вядзе беларускі народ да вымірання
Выказванне дарадцы прэзідэнта Кірыла Рудага аб мэтазгоднасці скарачэння тэрміну дагляду за дзіцём з двух да трох гадоў прывядзе беларускі народ да вымірання. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што дзіцячыя садкі ў Беларусі і так перапоўненыя, а якасць аказання паслуг па даглядзе за дзецьмі на самым нізкім узроўні, бо ў ясельных групах не хапае кваліфікаваных кадраў, у тым ліку з прычыны мізэрных заробкаў выхавацеляў. Сем’і ж, якія заўчасна аддаюць дзяцей у дзіцячыя садкі, вымушаныя браць вялікую колькасць бальнічных аркушоў з-за частых хваробаў дзяцей.
“Перад тым, як казаць пра скарачэнне тэрміну па даглядзе за дзіцём, прынамсі, трэба прывесці сістэму дашкольнага выхавання дзяцей у належны стан, каб яна не калечыла псіхіку дзіцяці і магла забяспечыць яму неабходнае выхаванне. Для гэтага патрэбныя і годныя заробкі для выхавацеляў, і групы колькасцю 5-7 дзяцей, а не па 30 чалавек”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД падкрэсліў, што нараджальнасць у Беларусі ўпала катастрафічна. “Даведзеныя да галечы бяздарнай палітыкай дзеючага ўраду і карумпаванай сістэмай, беларусы не могуць забяспечыць сваю сям’ю жытлом і даходам, каб колькасць дзяцей у сем’ях была большай. І на гэтым фоне заявы чыноўнікаў, дзеці многіх з якіх вучацца за мяжой ды знаходзяцца цалкам на дзяржаўным забеспячэнні, выглядаюць удвая больш цынічна”, – дадаў ён.
Паводле яго, у ніякім разе нельга памяншаць тэрмін па даглядзе за дзіцём, бо гэта прывядзе да яшчэ большага скарачэння нараджальнасці ў Беларусі.
“Кіраўніцтву Беларусі трэба думаць не аб тым, як знайсці новыя спосабы рабаўніцтва народу, не прыдумляць, якіх чарговых сацыяльных ільгот пазбавіць беларусаў, а рэфармаваць беларускую эканоміку і беларускую палітычную сістэму. І пачаць трэба з магчымасці беларусаў абіраць сабе ўладу на свабодных і дэмакратычных выбарах”, – заключыў Віталь Рымашэўскі.