У Магілёве і Віцебску заснавальнікам БХД пагражаюць, каб адмаўляліся ад подпісаў
Міністэрства юстыцыі, КДБ і мясцовыя выканкамы распачалі новую хвалю запалохванняў і ціску ў дачыненні да актывістаў Аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Так, у Віцебску, паводле сведчання абласной каардынатаркі БХД Таццяны Севярынец, “супрацоўнікі ў цывільным” выклікаюць заснавальнікаў да начальства па месцы працы або прыяжджаюць дахаты з пагрозамі.
Любоў Іванаўну Палякову, пенсіянерку, якая падпрацоўвае тэхнічкай у школе, выклікалі ў кабінет дырэктара і прымусілі засведчыць адмову ад свайго подпісу ў спісе заснавальнікаў.
Валянціну Уладзіміраўну Скамарохаву, таксама працуючую пенсіянерку (“Дом Дзіцяці”), спрабавалі змусіць да адмовы ад подпісу заснавальніка, а калі не дамагліся, узялі распіску аб тым, што яна пакуль не з’яўляецца сябрам Партыі БХД (!).
Як паведамляе кіраўнік Магілёўскага гарадскога аргкамітэту БХД Алег Аксёнаў, у Магілёве на гэтым тыдні мясцовыя улады ужылі падобныя мэтады. “Ідэолагам” не ўдалося выклікаць на размову заснавальніцу, што пражывае ў горадзе – і тады пачалі пагражаць яе бацькам, якія пражываюць у Дрыбінскім раёне.
– Рэжым, якому на міжнародным узроўні паабяцалі палёгку ў пытанні візавых абмежаванняў, нават не чакаючы рашэння ЕС альбо ЗША пачынае нахабныя і нават дэманстратыўныя рэпрэсіі, – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец. – Калі Захад не адрэагуе на гэты бандытызм, на выключэнні студэнтаў БДУ, на пераслед незалежных журналістаў, на новыя прысуды удзельнікам мірных акцыяў – гэта будзе плявок у твар усім тым, хто верыць у салідарнасць дэмакратычных краінаў.
Нагадаем, 24 снежня Аргамітэт БХД ужо ў шосты раз падаў у Міністэрства Юстыцыі Беларусі сьпіс больш як 1000 заснавальнікаў і дакуманты на рэгістрацыю партыі. За часы Лукашэнкі ніводная палітычная партыя ў Беларусі зарэгістраваная не была.